Людзі старэйшага пакалення памятаюць, што дату 7 лістапада некалі называлі святам новабудоўляў і працоўных падарункаў. Менавіта да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі стараліся ўвесці ў строй новыя прадпрыемствы ці аб’екты сацыяльнай сферы, датэрмінова выканаць вытворчыя заданні. Пагадзіцеся, неблагая была традыцыя. А зрэшты, яна і цяпер не забыта.
За падтрыманне старых добрых традыцый выступілі члены раённага камітэта БРСМ, рэспубліканскага аб’яднання «Белая Русь», вучні СШ №1. Вынікам іх сумеснай працоўнай акцыі стала закладка сквера па вуліцы 8 Сакавіка: амаль сотня хвоек была высаджана на двух пляцоўках агульнай плошчай каля 20 сотак.
Такім чынам моладзь адзначыла не толькі святочную дату, але і далучылася да месячніка па добраўпарадкаванні, які праходзіць на тэрыторыі вобласці. Мяркуецца, што цяпер падобныя акцыі з высадкай дрэў будуць традыцыйнымі.
Марына Вакульская, фота Аляксандра МЕЛЕША.