У той дзень іртутны слупок на тэрмометры паказваў мінус 17. Пранізлівы вецер прычэсваў гурбы снегу, якія дзе-нідзе падняліся нават вышэй вясковай агароджы. Мы старанна хавалі свае насы ў кудлатыя каўняры, глыбей на вушы нацягвалі футравыя шапкі. А Анатоль Францавіч Мялешка толькі пасмейваўся.
Ён выйшаў на мароз у адных спартыўных штанах. Босыя ногі ўраз сталі на снезе барвовымі. Трыко — гэта так, для журналістаў, пазіраваць перад фотакамерай. Сам-насам ён праводзіць свае штодзённыя ранішнія і вячэрнія мацыёны ў адных трусах. Балазе, у такія раннія ці познія часы на вясковай вуліцы пуста.
— Серыял паглядзім з Ганнай Мікалаеўнай і выходжу…
Пра вядомыя метады аздараўлення Іванова жыхар вёскі Чапялі прачытаў яшчэ ў маладосці. Вырашыў паспрабаваць іх на сабе. Пачаў з аблівання вадой, якая пераначуе дома. Але адзін-другі раз абліўся калодзежнай і, як цяпер прызнаецца, адразу ўвайшоў у смак. Гадоў трыццаць чалавек не дае сабе паслаблення. І перакананы, што менавіта ад вады атрымлівае і здароўе, і сілу.
— Узімку вада цёплая,— па-філасофску разважае Анатоль Францавіч.— Таму лепш націрацца халодным снегам. Сёлета зіма такая шчодрая, што грэх гэтым не пакарыстацца…
Гаворыць, а сам, па-маладзецку «гэкнуўшы», расцірае па грудзях калючыя снежкі. Цела, быццам загарэўшыся, набывае спачатку ружовы, а потым ярка-барвовы колер.
— Зіма створана Богам для здароўя,— задаволены Анатоль Францавіч.— А лета — для душы…
Яго лета пачынаецца ў… красавіку. Бывае, вясковыя мужыкі яшчэ курчацца ў ватоўках, а Мялешка ўжо купаецца ў сажалцы. Так ён плаваў па яшчэ з лёдам Шкодзінцы ў Крыніцы, саджалцы ў Навасёлках…
— Людзі здзіўляюцца. Але колькі клікаў акунуцца хаця б для блізіру, ніхто не згаджаецца. І дарэмна!— спрытна расціраючы снег па грудзях, разважае Анатоль Францавіч. Ён зноў называе Іванова: маўляў, нездарма пішуць і расказваюць пра яго метад — справа ўжо выпрабавана не адным чалавекам. І таксама пацвярджае: такое купанне, абліванне вадой і націранне снегам маюць вялікую сілу…
Сам дзядзька Анатоль, якому, дарэчы, нядаўна споўніўся 61 год, прастудамі не хварэў ніколі. А калі, здаралася, і падхопіць дзе насмарк, то лячыцца ідзе зноў на двор — вадой ці снегам. Праўда, з узростам Анатоля Францавіча раптам пачаў падводзіць зрок. Нават прыйшлося перанесці аперацыю. Пасля яе ўрач абласной бальніцы сур’ёзна папярэдзіў, што цяпер яму ні ў якім разе нельга парыцца ў лазні і выпіваць.
— А снегам націрацца можна?— адважыўся запытацца ў яго дзядзька. І калі атрымаў станоўчы адказ, прадоўжыў свае аздараўленчыя працэдуры з яшчэ большым імпэтам.
Цяпер кожны ў Чапялях скажа: Мялешка не тое што не п’е, але і курыць кінуў. Сам ён не беспрычынна лічыць сябе чалавекам моцнай сілы волі. Не кожнаму па сіле ўраз пазбавіцца згубных звычак, не для кожнага з’яўляецца задавальненнем уставаць на самым золку з цёплай пасцелі і ісці качацца ў калючым снезе…
На старасці гадоў чалавек усё часцей аглядваецца на пройдзенае. Анатоль Францавіч пражыў нялёгкае жыццё і шмат у ім, як сам прызнаецца, напсаваў асабістымі рукамі.
— Калі б пачаць спачатку,— па-філасофску разважае ён цяпер,— то я б распарадзіўся па-іншаму…
— Як гэта па-іншаму?
— Паступіў бы вучыцца на спевака ці музыканта. Некалі з былым дырэктарам Мураўскага клуба Аляксандрам Чайкоўскім мы нямала выступалі з канцэртамі. Асабліва пранікнёна атрымліваліся песні на ваенную тэматыку. «Раёнка» пра мяне тады пісала: «Чапялёўскі салавейка». Няўжо не памятаеце?
Цяпер жа Анатоль Францавіч з ранейшай пранікнёнасцю штонядзелі спявае на клірасе Шарашоўскай Свята-Мікалаеўскай царквы.
Не шкадуе ён толькі аб адным: нягледзячы на ўсе жыццёвыя перыпетыі, ніколі не забываў пра ваду. Яна, лічыць дзядзька Анатоль, і дапамагла выжыць…
Ганна Хадаровіч, фота Аляксандра Мелеша.
Спонсор публикации: погода в Украине, погода в киеве,погода,погода в украине,погода в україні.