Понедельник, 21 апреля 2025

В СШ №5 рисуют манной кашей! :)

1 810

Ствараць жывыя малюнкі з пяску, а калі казаць дакладней і адразу раскрыць усе карты – з манкі, у СШ№5 пачалі нядаўна. Гісторыю сваёй сям’і на выпускны вечар “намалявала” настаўніца пачатковых класаў Іна Малыха.  У Іны Мікалаеўны атрымалася такое прыгожае відовішча (можна пабачыць на нашым сайце www.budni.by), што ў калектыву школы адразу ўзнікла ідэя вучыць незвычайнай справе і вучняў. Кіраўніком новага гуртка “Вясёлка” стала настаўніца Галіна Віктараўна Пакроўская. Адметна, што і прыстасаванні для малявання пяском  у школе зрабілі сваімі рукамі, дырэктар нават  ахвяраваў лямпу з уласнага акварыума.

Зараз у Галіны Віктараўны займаюцца тры дзяўчынкі: Насця Пракопчык, Іра Ячычка (на здымку) і Маргарыта Вахновіч. Усе яны выдатна малююць на паперы, а з нядаўняга часу спрабуюць свае сілы ў новым відзе творчасці. Дарэчы, такі спосаб малявання выкарыстоўваецца ў анімацыі яшчэ з 60-ых гадоў мінулага стагоддзя. Новую хвалю папулярнасці ён набыў з дапамогай сучаснай музыкі: многія выканаўцы так пачалі аздабляць свае кліпы.

Каб малюнак жыў разам з музыкай – гэта і ёсць вяршыня майстэрства, да якой прагнуць дзяўчынкі.  А пакуль пад пільным кіраўніцтвам Галіны Віктараўны вучацца рабіць статычныя выявы.

Новае хобі так захапляе, што юныя мастачкі працягваюць трэніроўкі і дома: высыпаюць манную крупу на звычайныя кухоныя сталы і шукаюць ідэі, спрабуюць новыя рухі. Чым больш такіх трэніровак, тым лаўчэй пальцы, – сцвярджаюць дзяўчынкі і абяцаюць, што ў хуткім часе сваімі кампазіцыямі будуць здольны ўпрыгожваць урачыстасці.

Карціны, якія робяцца манкай на шкляным століку з падсвечваннем, здымае спецыяльная камера, з якой выява перадаецца на кам-п’ютар з праектарам, а адтуль на вялікі экран.

У ідэале такія карціны робяцца вулканічным пяском, або добра адмытым і прасеяным рачным, але звычайныя манныя крупы аказаліся больш даступнымі і таксама дазваляюць тварыць.  Акрамя эстэтычнага задавальнення, якое атрымлівае як творца, так і яго гледачы, такі від творчасці заспакойвае нервы, дае станоўчы настрой.

Кацярына Пашкевіч, Анастасія Дудко (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *