Воскресенье, 8 декабря 2024

В ресторане общественного центра в Мокром заказы расписаны до рождественских праздников

2 781

Нядаўна мы пісалі аб адкрыцці новага магазіна ў грамадскім комплексе аграгарадка Жураўліны. Днямі ж быў запушчаны ў дзеянне ўвесь грамадскі комплекс. Ужо тыдзень, як заселены яго гасцінічныя нумары, мясцовыя жыхары і прыезджыя госці з задавальненнем наведваюць лазню-сауну. А на адпачынак у рэстаране заказы паступілі ўжо нават на калядныя святы.

Не прамінулі пабываць у культурным цэнтры лепшай гаспадаркі раёна і журналісты. Паказвала і расказвала нам усе яго славутасці загадчыца Любоў Паўлаўна Гоган. БУДЫНАК, узведзены ў стылі беларускага фальварка, уразіў густоўнасцю афармлення. Рэстаран (асноўная яго зала разлічана на 52 месцы) выкананы ў стылі сярэднявечнага замка. Яго сцены ўпрыгожваюць гербы старажытных радоў, якія жылі на Пружаншчыне.

— Тут жа,— паведаміла Любоў Паўлаўна,— будуць развешаны і харугвы, пацвярджаючыя старажытнасць і славу беларусаў.

Паколькі грамадскі цэнтр з’яўляецца адным з аб’ектаў сервісу аб’язной дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы, яго праектанты і будаўнікі паклапаціліся і аб паляўнічых. Думаем, што ў гэтай катэгорыі адпачываючых асаблівай папулярнасцю будзе карыстацца так званая паляўнічая зала рэстарана (на восем месц) — з журавамі, вытканымі на льняных гардзінах, чучаламі дзіка і зубра і камінам з верацялом, на якім можна засмажыць адразу цэлае парася.

Ёсць у гэтым рэстаранным комплексе залы для кампаніі з 12 чалавек і для ВІП-персон.
Стравы ў меню будуць пераважаць беларускія. Напрыклад, закуска «Барская», каўбаса пальцам пханая «Гасцінец ад бабулі», мачанка па-старадаўняму, смажаніна ў гаршчочках…

Дарэчы, сняданак, абед ці вячэру, прыгатаваныя ў рэстаране, можна заказаць прама ў гасцінічны нумар, балазе, размешчаны яны ў гэтым жа будынку. У кожным нумары (а разлічана гасцініца на шэсць чалавек) прадугледжана ўсё для паўнацэннага адпачынку: утульныя ложкі (двухспальныя нават у аднамесным нумары), тэлефоны, тэлевізары, халадзільнікі, санвузлы з душавой кабінай і гарачай вадой. Для аднаго чалавека пражыванне тут каштуе 95 тысяч рублёў у суткі. Ёсць і люксавы нумар. Ён уяўляе сабой утульную, густоўна аформленую з усім неабходным начыннем, у тым ліку і для работы, трохпакаёвую кватэру з вестыбюлем. Суткі адпачынку тут каштуюць 300 тысяч рублёў.

Здароваму адпачынку ў комплексе цудоўна спрыяе лазня-сауна. Жаданая яе напаўняльнасць шэсць-восем чалавек. Прыняўшы гарачую пару, можна астудзіцца ў басейне і папіць гарбаты ў пакоі адпачынку. Дарэчы, для лазні-сауны кухары рэстарана рыхтуюць спецыяльнае меню. Напрыклад, ракі да піва, качку смажаную, мяса дзіка… А хутка тут будзе ўстаноўлены яшчэ і масажны стол, дзе ўмелы масажыст па жаданні адпачываючага зробіць сеанс фізіятэрапіі. Адным словам, задавальненняў чакаецца цераз край. Асабліва, калі падбярэцца вясёлая кампанія. Дзве гадзіны, праведзеныя ў лазні, для яе будуць каштаваць 90 тысяч рублёў.

У грамадскі комплекс уваходзіць і кулінарыя, дзе плануецца наладзіць вытворчасць і продаж уласнай прадукцыі ААТ «Жураўлінае».

Моладзь аграгарадка ўжо цяпер з задавальненнем асвойвае гульню ў більярд — адна гадзіна ў більярднай каштуе ўсяго 3 тысячы рублёў.

— Летам,— расказала Любоў Паўлаўна,— мы мяркуем задзейнічаць і свой прасторны дворык. Тут будуць праводзіцца святы аграгарадка і іншыя масавыя мерапрыемствы. Наведвальнікі рэстарана змогуць адпачыць на адкрытай тэрасе, дзе будуць расстаўлены столікі. Ноччу і вечарам двор комплекса асвятляюць прыгожыя падсветкі…

А ЗА ВОКНАМІ — тымі, што гля-дзяць на поўдзень, працягваюцца будаўнічыя работы. Пачалося будаўніцтва другой чаргі грамадскага комплекса.
Гэта будзе яшчэ адно, практычна такое ж, як ужо дзеючае, збудаванне, у якім размесцяцца трохзоркавая гасцініца на 40 месцаў і прасторная канферэнцзала. Пры добраўпарадкаванні тэрыторыі больш чым у пяць гектараў плануецца пабудаваць тэнісны корт і міні-стадыён з натуральным пакрыццём.

У тым, што комплекс бяздзейнічаць не будзе, Любоў Паўлаўна ўпэўнена. Попыт на адпачынак у ім адчуваецца ўжо з першых дзён работы.
Ганна Хадаровіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *