Раённыя спаборніцтвы па міні-футболе сярод пассельвыканкамаў прайшлі ў Дзень абаронцаў Айчыны. І нездарма: свята асацыіруецца з сілай, спрытам, мужнасцю. Менавіта гэтыя лепшыя мужчынскія якасці і дэманстравалі футбалісты з усяго раёна. Удзел у спаборніцтвах, якія былі арганізаваны ў спартыўнай зале каледжа, прынялі дзесяць каманд. Падтрымаць іх прыехалі нават старшыні пассельвыканкамаў. Непадробную цікавасць праявілі да футбольных баталій работнікі райвыканкама на чале са старшынёй М.М.Серковым. І футбалісты з усёй моцы стараліся апраўдаць надзеі гледачоў. Удача, праўда, усміхнулася нямногім, тым, хто сапраўды быў мацнейшым.
Такім чынам, першае месца на спаборніцтвах заваявала каманда Пружанскага сельсавета, другое – Ліноўскага. На трэцім месцы аказаліся футбалісты Ружанскага пассавета. Лепшым іграком спаборніцтваў назвалі Ігара Шанюка (Новазасімавіцкі сельсавет), а лепшым бамбардзірам — Сяргея Зайко, які гуляў за каманду Пружанскага сельсавета.
Кубкамі і граматамі старшыня райвыканкама ўзнагародзіў прызёраў. А камандзе-пераможцы паабяцаў садзейнічанне ў набыцці спартыўнай формы.
Усіх прысутных парадавала сваім выступленнем удзельніца эстраднай студыі Палаца культуры Наталля Трус.
Галіна КАЛЯДА, Аляксандр Мелеш (фота)