Среда, 26 марта 2025

В районном конкурсе на лучшее новогоднее украшение территории победил Пружанский хлебозавод

3 027

Святы прайшлі. А каму за ўзняцце настрою і стварэнне святочнай атмасферы мы можам падзякаваць? Такім пытаннем задаліся арганізатары агляду-конкурсу на лепшае пераднавагодняе ўбранне. Нагадаем, сёлета райвыканкам звярнуў асаблівую ўвагу на тое, каб горад выглядаў па-сапраўднаму святочным, для чаго спецыяльна наладзілі агляд-конкурс, прыняць удзел у якім прапаноўвалі прадпрыемствам, арганізацыям, установам, індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама ўладальнікам жылых дамоў.

Варта адзначыць, што адзінай канцэпцыі, якую абяцалі стварыць у горадзе, ва ўсякім разе хаця б у яго цэнтры, так ніхто і не ўбачыў: відаць, ці ідэй усё-такі не хапіла, ці грошай на іх рэалізацыю. І ўдзельная вага жыхароў прыватнага сектару, якія вырашылі далучыцца да ўпрыгожвання горада, аказалася мізэрнай. Але тут наўрад ці прыменіш нейкія адміністрацыйныя меры ўздзеяння. А вось пазіцыя кіраўнікоў асобных арганізацый, якія «праігнаравалі» святы, нават здзівіла: здаецца, не самыя бедныя банкі, лясгас, ДЭУ-25, электрасеткі сёлета не адзначалі Новы год.

— Была надзея, што гандлёвыя кропкі будуць звонку выглядаць ярчэй, — падзяліўся сваім уражаннем ад навагодніх Пружан намеснік старшыні райвыканкама В.М.Зубко. — Хацелася б, каб у будучым будынкі, якія ствараюць імідж гораду, напрыклад, музей-сядзіба «Пружанскі палацык» і Белыя лаўкі, выглядалі больш святочна. Нядрэнна было б, каб і праваслаўны сабор, касцёл падсвечваліся, і не толькі ў калядныя дні, але і ў іншыя святы.

Не праявілі творчасці і навучальныя ўстановы горада. Асабліва сумна выглядалі будынкі СШ №3 і №5, аграрна-тэхнічнага каледжа. Адмовілася, відаць, узняць настрой пацыентам і раённая бальніца.

І хаця здзівіць кагосьці з пружанцаў ці гасцей горада, чаго так жадалі арганізатары конкурсу, наўрад ці ўдалося, тым не менш з дапамогай агульных намаганняў Пружаны заззялі крыху ярчэй, чым летась. Многія ўстановы і прадпрыемствы горада развесілі на вокнах, дахах ці сценах будынкаў святлодыёдныя сеткі і гірлянды, упрыгожылі ёлачкі. У гэтым плане вызначыліся камбінат будаўнічых матэрыялаў, ільнозавод, аўтапарк №11, «Пружанырайгаз», малочны камбінат, вучэбна-вытворчы камбінат, завод радыёдэталей… «Жилищник» аформіў не толькі тэрыторыю адміністрацыі, але і развесіў гірлянды на некалькіх шматпавярхоўках у горадзе: на дамах па вуліцах Заводскай, Інтэрнацыянальнай, Кобрынскай, Савецкай і Шырмы. Прыцягвалі да сябе ўвагу пакупнікоў фігуры Дзеда Мароза і Снегавіка, устаноўленыя на даху «Універмага».

Безумоўным пераможцам сярод арганізацый прызналі Пружанскі хлебазавод: тут быў упрыгожаны не толькі будынак, фігуркі з гірляндаў красаваліся перад яго тэрыторыяй, а з даху вытворчага цэха прыветна вітаў Санта Клаус. Другое месца за свой ілюмінаваны будаўнічы кран атрымала ПМК-21. «Водаканалу» за святочнае ўбранне прысудзілі трэцяе месца. Сярод прыватных домаўладанняў самымі прыгожымі былі двары дамоў №92 у в.Руднікі (першае месца), №6 па вул.Катоўскага (другое месца) і №112 па вул.Леніна ў Пружанах.

За старанні і фантазію ўсе пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя прэміі.

На здымках: малочны камбінат і «Гандлёвы цэнтр» у лік пераможцаў не трапілі, але «прызы глядацкіх сімпатый», бясспрэчна, атрымалі.

Марына Вакульская. Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *