Суббота, 5 октября 2024

В райисполкоме рассмотрели проект генерального плана Пружан

2 656

На нядаўнім пасяджэнні райвыканкама, на які былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых арганізацый і службаў, быў разгледжаны праект генеральнага плана г.Пружаны, згодна з якім да 2030 года будзе весціся перспектыўная забудова райцэнтра.

Многія гараджане бачылі гэтым летам самалёт, які нарэзваў над Пружанамі нізкія кругі з нейкай «штукай», што вісела на тросе. Як высветлілася, па заказе НПРУП «БелНІІПгорадабудаўніцтва» праводзілася тапаграфічная здымка нашага горада, вынікам якой стала самая дакладная карта. Яна і лягла ў аснову распрацоўкі праекта.

Як расказала падчас прэзентацыі генеральнага плана яго аўтар, архітэктар  Г.А.Андрэева, Пружаны — выдатны горад, перспектывы якога неабсяжныя. Але пры разумным падыходзе. На яе думку, у свой час у забудове Пружан былі дапушчаны некаторыя недахопы. Гэта тычыцца і раздзялення райцэнтра на дзве часткі — гістарычную і сучасную, і адсутнасці прамысловай зоны, з-за чаго вытворчыя прадпрыемствы знаходзяцца нават сярод жылой забудовы.

Гэтыя і некаторыя іншыя праблемы і было прапанавана вырашыць у чарговай праграме далейшай забудовы.

Напрыклад, злучыць абедзьве часткі горада пешаходнымі і веласіпеднымі дарожкамі. Улічваючы актыўнасць у плане прыцягнення турыстаў, гэта дадасць Пружанам прыцягальнасці.

Па логіцы апошніх гадоў шматкватэрнае будаўніцтва будзе весціся ў паўночным і паўночна-заходнім накірунку. Згодна з магчымымі планамі, праз дваццаць гадоў забяспечанасць квадратнымі метрамі павінна вырасці ўтрая. А вось прамысловыя прадпрыемствы трэба пераносіць з цэнтра горада на яго поўдзень,  дзе і стварыць агульную прамзону.

Аўтар прапанавала яшчэ нямала цікавых змяненняў. Але яшчэ раз варта нагадаць, што гэта —толькі праект, які будзе абмеркаваны прадстаўнікамі арганізацый, а потым яго выставяць на разгляд грамадскасці.

І тое, што змяненняў праекта будзе нямала, адразу паказаў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, які звярнуў увагу архітэктараў на тое, што засталося па-за ўвагай спецыялістаў. Напрыклад, унікальнае скрыжаванне — гарадское кальцо, якое ўжо зараз адчувае перагрузку, а праз некалькі гадоў увогуле можа стаць прычынай дарожных пробак. Не вызначаны лёс выдатнага адкрытага вадаёма — басейна ў гарадскім парку. Былі і іншыя заўвагі.

На распрацоўку сваіх прапаноў спецыялістам  дадзены некаторы час. І, як зазначыў Міхаіл Мікалаевіч, аднесціся да гэтага трэба максімальна сур’ёзна, бо пасля экспертыз і канчатковага ўзгаднення Генеральны план стане асноўным дакументам, згодна з якім і будзе развівацца далей наш райцэнтр.

На здымку: архітэктар Г.А.Андрэева тлумачыць асобныя моманты праекта начальніку землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.Л.Іванову.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *