Среда, 6 ноября 2024

В Пружанском районе создаются новые предприятия

1 817

Бягучы год па-свойму адметны для Пружаншчыны. Напрыклад, сёлета пачнуць дзейнічаць або стварацца некалькі даволі значных у маштабе раёна прадпрыемстваў. Аб новых магчымасцях, планах і працоўных месцах мы даведаліся ў намесніка старшыні райвыканкама В.М.Зубко.вакансии

— Сапраўды, на пачатку года была складзена праграма рэалізацыі шэрагу планаў па адкрыцці новых прадпрыемстваў,— расказаў Вячаслаў Мікалаевіч.— Нельга сказаць, што практычна ўсё з намечанага вырашаецца ў запланаваныя тэрміны, але пэўныя зрухі ёсць.

Напрыклад, вельмі ўдала і хутка ўдалося вырашыць лёс былой вайсковай часці ў вёсцы Аранчыцы. Усім вядома, як доўга і марудна прыватызаваліся або выдзяляліся пад інвестпраект аб’екты ў Шчарчове і Слабудцы, дзе і зараз шэраг пустуючых будынкаў чакаюць сваіх патэнцыяльных гаспадароў. За пераўпарадкаванне былой базы паліва ўзялося ТАА «Нятканы свет», якое працяглы час дзейнічае ў райцэнтры. Прычым гэта не пераезд вытворчасці, а яе пашырэнне, з павелічэннем аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі і стварэннем новых працоўных месцаў.

Гэты праект на стадыі заканчэння, хутка будзе ўстанаўлівацца абсталяванне і пойдзе першая прадукцыя.

— Вячаслаў Мікалаевіч, падчас адной з нашых сустрэч на пачатку бягучага года Вы далі інфармацыю аб цікаўнасці да эканомікі раёна замежнага капіталу, у прыватнасці, балгарскіх інвестараў. На якой стадыі гэты праект?

— Да заканчэння яшчэ далёка, хаця інвестары ўжо прыступілі да набыцця адпаведнага абсталявання. Пакуль зроблены капітальны рамонт офіснага будынка ў адным з аб’ектаў вайсковай часці ў Новых Засімавічах, дзе набраны персанал прыступіў ужо да выканання сваіх абавязкаў. Падабрана яшчэ некалькі будынкаў, якія стануць асновай зборачных вытворчых ліній. Мяркуецца, што на іх таксама будзе задзейнічана не менш ста работнікаў.

— Ці ёсць яшчэ падобныя навіны, на якія можна ўпэўнена спадзявацца?

— У пачатку бягучага года цікавасць да ўзвядзення каля Аранчыц цагельнага завода выказалі бізнэсмены з Харватыі. Тады было падпісана пагадненне аб далейшым заключэнні інвестыцыйнага дагавору на рэалізацыю праекта. Нядаўна прайшла паўторная сустрэча старшыні райвыканкама М.М.Серкова з інвестарамі, падчас якой яны пацвердзілі свае намеры і зараз пралічваюць максімальна выгадныя шляхі для ажыццяўлення задуманага.

Таксама цікавіцца Пружаншчынай і сталічны бізнэс: адно з буйных прыватных прадпрыемстваў Мінска, прадстаўнік якога днямі пабываў у нашым раёне, выказала жаданне аб набыцці акцый ААТ «Пружаны авіяхімсэрвіс» з намерам у будучым стварыць турыстычную кампанію па абслугоўванні ўсяго прыгранічнага рэгіёна не толькі на зямлі, але і ў паветры.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *