На мінулым тыдні на працягу некалькі дзён на тэрыторыі нашага раёна праходзілі адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па веласпорце на шашы. У шматдзённай велагонцы сярод мужчын на прызы «Сельскай газеты» бралі ўдзел 54 спартсмены з усіх абласцей краіны і горада Мінска.
Падобныя спаборніцтвы праводзяцца ўжо ў 51-ы раз, пачынаючы з 1963 года. Сёлета яны атрымалі назву «Тур дэ Брэст», паколькі праходзілі выключна па дарогах Брэсцкай вобласці.
За шэсць дзён велагоншчыкі пераадолелі шэсць этапаў. Гонка стартавала ў Брэсце 6 жніўня, а завяршылася 11 жніўня ля Лядовага палаца ў Баранавічах. Агульная працягласць маршруту склала 743 кіламетры.
У першы дзень спаборніцтваў спартсмены праехалі васьмікіламетровую гонку-пралог у раёне вяслярнага канала ў Брэсце. Лепшы вынік паказаў Сяргей Папок з горада Мінска. Прызёрамі сталі таксама МІхаіл Шэметаў (Гродзенская вобласць) і Павел Падаляк (Мінская вобласць).
Другі і трэці этапы велагонкі праходзілі толькі на тэрыторыі нашага раёна. Гэта гонка на 40 кіламетраў з раздзельным стартам на аўтадарозе Р-98 уздоўж Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», а таксама групавая па вуліцах Пружан.
На чацвёртым этапе гоншчыкі пераадолелі 150 кіламетраў па маршруце Пружаны-Шарашова-Дзмітровічы-Камянец-Відамля-Пружаны.
На перадапошнім этапе яны праехалі па маршруце Пружаны-Шарашова-Краснае-Мокрае-Дабучын-Ружаны-Няхачава-Бяроза 158 кіламетраў.
Падчас урачыстага закрыцця спаборніцтваў каманды-прызёры атрымалі Кубкі, а пераможцу па выніках шасці этапаў уручаны ноўтбук ад «Сельскай газеты».
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)