На мінулым тыдні за вёскай Харкі пачаліся раскопкі месца пахавання загінуўшых у бітве пад Гарадзечна 1812 года. Робіцца гэта для таго, каб прызнаць яго воінскім пахаваннем, як след захоўваць і перазахаваць астанкі воінаў з належным ушанаваннем.
З такой ініцыятывай ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў неаднаразова звяртаўся старшыня Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т.Касцюшкі, кандыдат гістарычных навук Л.М.Несцярчук. Сам ён родам з Харкоў, таму з дзяцінства ведае пра месца пахавання ў перыяд Айчыннай вайны 1812 года непадалёк ад вёскі.
— На гэтым месцы здаўна стаяў драўляны крыж, — расказвае Леанід Міхайлавіч, — які, як цяпер вядома, па ініцыятыве ваеннага ведамства Расійскай імперыі быў устаноўлены да стагоддзя бітвы ў 1912 годзе. Ён спарахнеў недзе ў сямідзесятых гадах. А ў васьмідзесятыя, пасля асушэння балот, зямлю з узгорка, на якім было пахаванне, пачалі актыўна вывозіць на рамонт і будаўніцтва дарог… Непапраўны ўрон магіле воінаў нанеслі “чорныя” капальнікі. Душа баліць, гледзячы, як пакідаюць там смецце і шматлікія грыбнікі, што дабіраюцца сюды з Брэста. Таму неабходнасць абазначыць месца пахавання для далейшага яго захавання ў лясным масіве па-за вёскай наспела даўно. Гістарычныя дакументы сведчаць, што тут у выніку бітвы рускіх салдат пад камандаваннем генерала Тармасава з войскамі Напалеона загінула і было пахавана каля дзвюх тысяч рускіх, аўстрыйскіх і саксонскіх воінаў.
Справа зрушылася з месца сёлета, калі гэтае масавае месца пахавання было ўключана Міністэрствам абароны ў план пошукавых работ і неабходнае рашэнне з гэтай нагоды прыняў райвыканкам.
На момант нашага прыезду салдаты другой спецыялізаванай пошукавай роты 52 спецыялізаванага пошукавага батальёна, якія і вядуць раскопкі, знайшлі астанкі дзесяці воінаў. Больш чым праз дзвесце гадоў немагчыма ўстанавіць, нават у якой арміі ваявалі загінуўшыя: акрамя чалавечых касцей не знойдзена ніякіх прадметаў.
Раскопкі, нягледзячы на тое, што адсутнічае значная частка ўзгорка над пахаваннем, як сведчаць вайскоўцы, прадоўжацца амаль да канца мая. Іх праводзяць падрыхтаваныя ваеннаслужачыя, якія прайшлі спецыяльныя курсы. Напрыклад, толькі за мінулы год сапёрамі гэтай роты было знойдзена і абясшкоджана ў розных раёнах Беларусі каля пяцісот выбуховых прадметаў часоў Другой сусветнай вайны.
— Пасля завяршэння работ, — кажа камандзір спецыялізаванай пошукавай роты маёр Сяргей Дашкевіч, — на месцы раскопак будзе праведзена рэкультывацыя грунту і наведзены парадак. Але галоўнае — з’явіцца магчымасць перазахаваць астанкі загінуўшых з воінскімі ўшанаваннямі.
На здымках: маёр Сяргей Дашкевіч; пошукавая работа толькі здаецца рамантычнай. На самай справе гэта — то рыдлёўка ў руках, то пэндзаль, якім асцярожна ачышчаюцца знойдзеныя астанкі.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).