Нагадаем, вясной мясцовыя органы ўлады аб’явілі конкурс-латарэю для індывідуальных забудоўшчыкаў. Паводле ўмоў, да ўдзелу ў ім запрашаліся ўсе жыхары раёна, якія закончылі будаўніцтва жылога дома і ўвялі яго ў эксплуатацыю ў перыяд з 25 мая па 28 чэрвеня.
— Такі конкурс быў прыдуманы з мэтай скарачэння колькасці незакончаных незакансерваваных жылых дамоў, выканання даведзенага раёну плана будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю жылплошчы, стымулявання забудоўшчыкаў, —удакладніў намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук.
У выніку заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 24 чалавекі, толькі двое з іх пабудавалі жыллё па-за горадам. Сярод іх былі разыграны тры прызавыя месцы. Самымі ўдачлівымі аказаліся А.С.Люсцібер, А.В.Шапяцюк і Н.В.Ерашава, якія атрымалі па 3,5 мільёна рублёў — суму, прыкладна роўную гадавой аплаце за камунальныя паслугі. Выйгрыш шчасліўчыкі могуць патраціць і па сваім меркаванні.
Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што дзякуючы конкурсу ўдалося выканаць паўгадавое даведзенае заданне па ўводзе індывідуальнага жылля. І гэтая лічба — не проста планавы паказчык: цяпер райвыканкам можа разлічваць на дзяржаўныя субсідыі на інжынерную інфраструктуру.
— Усе гэтыя людзі ўвялі ў эксплуатацыю жыллё, але ў большасці з іх няма асфальтавага пад’езда да дома, не пракладзена каналізацыйная сетка… І без дадатковага фінансавання не абысціся, — растлумачыў С.М.Гук. — Ёсць надзея, што ліміт грашовых сродкаў для гэтых мэт у другім паўгоддзі павялічыцца.
«Свежыя» фінансы ў першую чаргу пойдуць на задавальненне прэтэнзій забудоўшчыкаў раёна Сонечны, куды пакуль не працягнута нават лінія электраперадачы. Сёння робіцца гравійнае пакрыццё на вуліцах мікрараёнаў Паўночны і Паўднёва-Заходні, працягам якога пры належным фінансаванні стане і асфальтаванне. Акрамя таго, будуць накіраваны сродкі на пракладку каналізацыйных сетак да дамоў забудоўшчыкаў мікрараёна Заходні.
Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).
На здымку: намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук з пераможцамі конкурсу.