Сам па сабе шлюб Юрыя і Кацярыны Ліцкевічаў, які яны ўзялі ў мінулыя выхадныя, з’яўляецца падзеяй. Бо гэта — на ўсё жыццё, па якім цяпер яны будуць крочыць разам у згодзе і каханні. А яшчэ адметнасць рэгістрацыі шлюбу пары ў тым, што яна была сотай па ліку, якую правялі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама з пачатку бягучага года.
Да гэтай значнай у жыцці падзеі маладыя ішлі ажно чатыры гады. Тое, што абодва з Шарашова і ведалі адзін аднаго з дзяцінства, цяпер у разлік быццам бы і не бярэцца: у невялікім населеным пункце ўсе жыхары знаёмыя. Таму, калі раз’ехаліся з пасёлка на вучобу, Юрый – у БрДУ імя А.С.Пушкіна, а Каця ў політэхнічны ўніверсітэт, быццам па завядзёнцы аказаліся ў “сябрах” у сацыяльных сетках. Праўда, доўжылася гэта да той пары, пакуль аднойчы не сустрэліся цёплым, летнім вечарам на вуліцах роднага пасёлка… Пасля гэтага неабходнасць у віртуальных зносінах, вядома ж, адпала, і Юрыя з Кацярынай людзі пачалі бачыць толькі разам.
— А аднойчы зразумелі, — дзеляцца патаемным маладажоны, — што ёсць на свеце самы лепшы чалавек, з якім не хочацца разлучацца ніколі. Тады і вырашылі: як муж з жонкай будзем разам.
Зорак з неба закаханыя не хапаюць. Працягваюць працаваць, Юрый – у райаддзеле міліцыі, а Кацярына, пакуль не знойдзе работу ў Пружанах, —бухгалтарам у Брэсце. І нават пра мядовы месяц на Мальдзівах пакуль не мараць, цешацца ціхім сямейным шчасцем. Няхай жа яно будзе бясхмарным, а жыццё ў шлюбе – на ўсе сто: дружным, радасным і шчаслівым.
На здымку: віншаванні маладыя прымалі не толькі ад родных. Падарунак ад райвыканкама ўручыла загадчыца аддзела ЗАГС Н.Р.Цібароўская.
Галіна Каляда.