Мінулы год стаў для раённай структуры ДТСААФ адметным: цяпер тут можна прайсці навучанне практычна на ўсе вадзіцельскія катэгорыі.
— Нягледзячы на навізну, адзначаем даволі вялікі попыт у жадаючых навучацца на катэгорыю «Е» — кіраванне транспартнымі сродкамі з прычэпамі,— расказвае старшыня В.М.Гарахавіцкі.
— Напрыканцы мінулага года набралі першую групу, а таксама яшчэ ў дзве групы запісаліся навучэнцы. Акрамя таго, рыхтуем спецыялістаў масавых тэхнічных прафесій па катэгорыях «В», «С» і «D».
— Валерый Мікалаевіч, сучасныя аўтамабілі ўяўляюць сабой складаныя агрэгаты. Важную ролю ў навучанні кіраваць імі адыгрывае і наяўнасць належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Усё неабходнае мы маем у поўным аб’ёме. Абсталяваны вучэбныя класы, дзейнічаюць класы бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, маем спецыяльную лабараторыю.
Асобна варта расказаць і пра ўкамплектаванасць транспартнага парку, які зараз складаецца з васьмі аўтамабіляў. Гэта тры новыя іншамаркі, адну з якіх атрымалі літаральна напрыканцы мінулага года, два аўтамабілі «ВАЗ», два грузавікі. Нават ёсць уласны аўтобус, які выкарыстоўваем для практычных заняткаў.
— Самы яўны паказчык эфектыўнасці навучання — паспяховасць здачы іспытаў, тэарэтычных і практычных.
— Для забеспячэння належных вынікаў распрацавана спецыяльная навучальная праграма, згодна з якой курсанты спачатку авалодваюць тэорыяй і толькі потым выязджаюць у горад. Многае залежыць ад жадання самаго курсанта, яго здольнасцей, таму ў кожнай групе свой паказчык здачы экзаменаў. Але сярэдні перавышае 75%. Лічу, што гэта выдатны вынік, які дасягаем дзякуючы і выдатным кадрам. Да слова, стаць майстрам вытворчага навучання не так проста. Спачатку трэба прайсці спецыяльнае навучанне на базе адной з брэсцкіх аўташкол, потым прайсці адпаведныя іспыты. Так, летась наш калектыў папоў-ніўся двума маладымі майстрамі: у таварыства прышлі Ю.М.Панасевіч і А.С.Швед.
— Валерый Мікалаевіч, ДТСААФ, як вядома, стваралася для ваенна-патрыятычнага выхавання. За пытаннямі аўта-школы гэта адыходзіць на другі план?
— Ні ў якім разе. З гонарам адзначу, што з году ў год колькасць наведвальнікаў нашых ваенна-патрыятычных гурткоў павялічваецца. Гэта і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, спартыўная секцыя картынгу. Дарэчы, апошні накірунак робім асноўным у далейшых планах: ёсць тры карты, вясной будзем купляць яшчэ два, бо трэба задаволіць усіх жадаючых наведваць гэты гурток. Для сваіх патрэб зрабілі летась рамонт аўтадрома, які цяпер выдатна падыходзіць для навучання фігурнаму ваджэнню. Чакаем, што ў бягучым годзе на базе нашага раёна пройдзе абласны чэмпіянат па картынгу. Далей мяркуем арганізаваць і пракат для ўсіх, хто жадае пакатацца на картах.
Гутарыў Алег Сідарэнка.
На здымку: самыя вопытныя майстры вытворчага навучання Ю.М. Касілка, В.С.Кунда, Д.В.Болдзін.