Упершыню ў Пружанскай ЦРБ пачаў весці прыём урач-псіхатэрапеўт. Больш таго, у хуткім часе ў нас будзе створана мульцідысцыплінарная брыгада, у якую ўвойдуць яшчэ псіхолаг і медыцынская сястра.
Па словах псіхатэрапеўта Кацярыны Леанідаўны Тарасюк, за мяжой падобная практыка прымяняецца даўно і паспяхова. Запісацца на прыём да спецыяліста самастойна могуць тыя, хто пакутуе ад бяссонніцы, мае дрэнны апетыт, хутка стамляецца, мае паніжаны фон настрою, незадаволены ўласным жыццём. Зразумела, што доктар не вырашыць жыццёвыя праблемы, але ён можа дапамагчы з іншага боку паглядзець на іх.
Да псіхатэрапеўта можна трапіць і па накіраванні іншага спецыяліста. Магчыма, не ўсе ведаюць, але бранхіяльная астма, цукровы дыябет, язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі, нейрадэрміт, гіпертанія, некаторыя іншыя хваробы часам узнікаюць як вынік рэакцый, якія запускаюць нашы нявыказаныя эмоцыі. Аднымі таблеткамі тут не абысціся. Неабходна разам з доктарам шукаць першапачатковую прычыну хваробы.
Бываюць выпадкі, калі чалавек сам не можа вызначыць, што дакладна яго непакоіць. Бывае, “падкошвае” гора: смерць або цяжкая хвароба блізкіх, развод, звальненне. Тут задача псіхатэрапеўта — дапамагчы знайсці дадатковыя сілы, магчыма нават з прымяненнем лекавых сродкаў.
Кацярына Пашкевіч.