Воскресенье, 6 октября 2024

В Пружанах прошел ХХІХ республиканский семинар-конкурс поваров, кондитеров и официантов

5 214

Гісторыя гэтага конкурсу пачынаецца ў 1957 годзе. З таго часу лепшыя повары і кандытары рэспублікі традыцыйна кожныя тры гады збіраюцца на адной кухні, каб вызначыць сапраўдных прафесіяналаў. Менавіта гэты конкурс, сцвярджае яго арганізатар — кіраўніцтва «Белкаапсаюза», у значнай меры паспрыяў стварэнню ў рэспубліцы пляяды майстроў поварскай і кандытарскай справы.

23-25 лістапада шаноўных гасцей прымала Пружаншчына. Па два повары, кандытары грамадскага харчавання, кандытары прамысловасці і афіцыянты з кожнай вобласці (усяго 39 удзельнікаў) задзейнічалі для сваёй работы кандытарскі цэх і кухню рэстарана «Пружаны», а таксама пякарню хлебазавода.

Тут было ў поўным сэнсе слова горача. Належыла не толькі прыгатаваць смачныя стравы, але і прыгожа іх выкласці ў талерках, даступна расказаць, як гатаваліся. Прычым, згодна з умовамі конкурсу «Кулінарны паядынак», асноўны прадукт удзельніку прадастаўляўся па прынцыпу «чорнай скрынкі»: што дастанеш, тое і гатуй! Вечарам шчыравалі над меню кухань народаў свету (брэсцкай камандзе, напрыклад, дасталася Польшча). На наступны дзень спаборнічалі на лепшае прыгатаванне сушы, сашымі, ролаў… Гэта тычылася повараў.

Афіцыянты сервіравалі сталы на загадзя зададзеную тэму, дэманстравалі сваё майстэрства пры абслугоўванні наведвальнікаў рэстарана, адгадвалі назву стравы, круцілі ў замыславатыя выкрутасы салфеткі, бегалі (хто найбольш хутка і грацыёзна?) з падносамі і бакаламі, напоўненымі вадой…

Вынікі старанняў кандытараў былі бачны на выставах, якія працавалі ў прасторнай зале рэстарана і кафэ-бістро цэнтральнага ўніверсама.

— І гэта ўсё можна есці?— здзіўлена спытала жанчына, паказваючы на торт з аранжавымі ружамі вытворчасці майстроў Бярозаўскага камбіната кааператыўнай прамысловасці.

Вочы разбягаліся ад прыгажосці і разнастайнасці. Каравай з ружамі філіяла «Марыля» Іванаўскага райспажыўтаварыства, цудоўныя пірагі ў два ярусы Уздзенскага ККП…

— Ужо прададзена! Падорана пружанцам на вяселле! — канстатавалі кандытары на шматлікія спробы пружанцаў набыць той ці іншы кулінарны шэдэўр, які інакш, як мастацкі твор, і не назавеш.

У рэстаране сталы былі заняты тартамі і пціфурамі (адмыслова ўпрыгожанымі маленькімі пірожнымі і пячэнькамі). Назвы іх гаварылі самі за сябе: «Спатканне», «Мой родны кут», «Пяшчота», «Натхненне», «Ласуха», «Райскія кветкі», «Ружовая саната», «Асалода», «Каханай», «Вясна»… Усё дыхала такой прыгажосцю і свежасцю, што немагчыма было адвесці вачэй!

Сярод гэтай мітусні і занятасці повары і кандытары паспявалі падзяліцца паміж сабою сваім майстэрствам, навінкамі ў прафесіянальнай справе, абмяркоўвалі ўбачанае, раіліся, як можна зрабіць яшчэ лепш. Нездарма ж конкурс называўся яшчэ і семінарам.

Шчыра кажучы, паспрабаваць на смак хаця б што-небудзь з прапанаванай на агляд прыгажосці мы не паспелі. Калі адкрыўся продаж гэтых прысмакаў, у глядзельнай зале Палаца культуры пачалося ўрачыстае падвядзенне вынікаў.

Начальнік аддзела грамадскага харчавання «Белкаапсаюза» Аляксандр Гошка ўручаў удзельнікам дыпломы і падарункі. На гэты раз званні «Лепшы па прафесіі» ў рэспубліцы былі ўдастоены: повар Пастаўскага райспажыўтаварыства Галіна Зямчонак, кандытар-хлебапёк Алена Коржаль (г.Узда), кандытар грамадскага харчавання Лілія Неўдах (г.Лунінец) і афіцыянтка Вераніка Казначэева (г.Светлагорск).

З пружанскіх майстроў у конкурсе-семінары (у складзе каманды Брэсцкіх повараў) ўдзельнічала толькі повар кафэ «Алеся», пераможца нядаўняга абласнога спаборніцтва прафесіянальнага майстэрства Алена Борсук. Яе работай можна было любавацца! У выніку з усіх 39 удзельнікаў конкурсу толькі Алене і яе каляжанцы з Лоеўскага спажывецкага таварыства была прысвоена кваліфікацыя майстра-повара. Гэта не проста прызнанне майстэрства маладога спецыяліста, але яшчэ і павышэнне на 70% яе заробку.

Свята закончылася. І калі на наступны дзень я наведала кулінарыю рэстарана, само сабою напрасілася пытанне:

— Чаму прыгажосцю адзначаны толькі прафесіянальныя конкурсы, а ў звычайныя дні кандытары песцяць нас не вытанчанымі пціфурамі, напрыклад, а аднымі і тымі ж заварнымі пірожнымі і «бульбачкай»?

На здымках: повар Алена Борсук, кандытарскія цуды.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *