У мінулую пятніцу ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва Пружаны наведаў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь І.А.Рачкоўскі. У Палац культуры на сустрэчу з генерал-маёрам сабралася шмат маладых людзей. І гэта невыпадкова. Юнакоў і дзяўчат не магла не зацікавіць загадзя пазначаная тэма сустрэчы: «2011 год — год прадпрымальнасці». Асабліва, калі ўлічыць асаблівасці Пружаншчыны як прыгранічнага рэгіёна, а гэта значыць — замежнага супрацоўніцтва, напрыклад, у плане культурнага і турыстычнага абменаў. СВАЁ ЗНАЁМСТВА з пружанцамі Ігар Анатольевіч пачаў лірычным адступленнем. Як прызнаўся, ехаў ён сюды з вялікім душэўным хваляваннем. Пружаны — гэта горад яго юнацтва. 20 гадоў таму менавіта тут, а калі больш дакладна, у Шарашоўскім ракетным дывізіёне, малады лейтэнант Ігар Рачкоўскі пачынаў сваю вайсковую службу. Жыў ён у афіцэрскай гасцініцы і памятае Пружаны, як «пусты і паміраючы горад».
Цяперашні выгляд раённага цэнтра прыемна ўразіў генерал-маёра:
— Я пазнаваў і не пазнаваў яго,— прызнаўся Ігар Анатольевіч.— Калі б мяне прывезлі сюды і спыталі, што гэта за горад, я б ніколі не здагадаўся, што гэта тыя самыя Пружаны!
І не без задавальнення зазначыў, што з пяцярых яго дзяцей другая дачка нарадзілася менавіта ў Пружанах. А з тых, хто тут разам з ім пачынаў сваю службу, цяпер пяць генералаў.
— Відаць, у Пружанах,— усміхнуўся І.А.Рачкоўскі,— пануе ўнікальная атмасфера для вырошчвання генеральскіх чыноў!
Аб тым, дзе пачынаецца закладка гэтых парасткаў, — вучобе на пагранічнікаў, пагранічнай службе, структуры пагранічных органаў расказаў і паказаў відэаролік, які генерал-маёр прывёз на сустрэчу. ПАСЛЯ яго прагляду Рачкоўскі пракаменціраваў: маўляў, кінастужка двухгадовай даўнасці, і цяпер у сістэме падрыхтоўкі кадраў пагранічнай службы многае змянілася.
Напрыклад, з 1 ліпеня мінулага года ў Мінску адкрыты інстытут пагранічнікаў. Цяпер прафесію пагранічнікаў для работы на мытні могуць атрымаць і дзяўчаты.
— Адукацыю,— расказваў генерал-маёр,— тут даюць вельмі добрую, з веданнем замежнай мовы. Міжнародныя кантакты паміж Рэспублікай Беларусь і заходнімі краінамі-суседзямі з кожным годам растуць і шырацца, таму гэта мае вялікае значэнне…
Аб службе пагранічнікаў Ігар Анатольевіч гаварыў з гонарам. Але галоўнай тэмай у яго выступленні стала Дырэктыва №4 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
— Беларусь,— зазначыў І.А.Рачкоўскі,— перастала быць закрытай краінай. Замежныя сувязі, сяброўства, абмены, інвестыцыі спрыяюць стварэнню новых магчымасцей для праяўлення ініцыятывы, прадпрымальнасці, самарэалізацыі, да чаго і заклікае Дырэктыва №4. Садзейнічаць іх развіццю павінна і пагранічная служба.
Ігар Анатольевіч прывёў канкрэтныя прыклады. У першую чаргу — будаўніцтва прапускнога пункта «Перароў-Белавеж» праз мяжу.
— Што гэта значыць?— задаў выступоўца пытанне і патлумачыў: — А тое, што з вашага раённага цэнтра будзе хадзіць маршрутны аўтобус «Пружаны—Белавеж». Такім чынам, вы зможаце хоць па некалькі разоў у дзень наведваць сваіх сяброў у Польшчы!
Па словах генерал-маёра, для жыхароў Пружаншчыны гэта важна яшчэ і таму, што сёлета, трэба спадзявацца, будзе ратыфікавана дамоўленасць паміж Польшчай і Беларуссю аб малым прыгранічным руху. Беларусь у гэтым вельмі зацікаўлена. Згодна з дамоўленасцю, жыхарам прыгранічных раёнаў (якія размешчаны ад граніцы на адлегласці 30—50 км), да іх ліку адносяцца і Пружаны, будзе дазволены бязвізавы, па пропусках консульства, пераход мяжы.
Усім было цікава пачуць інфармацыю наконт таго, што з бягучага года пагранічнікі пачынаюць адмаўляцца ад калючага дроту на мяжы.
— Мы будзем працаваць іншым спосабам,— паведаміў генерал-маёр,— а бюджэтныя сродкі, якія ідуць на пабудову дротавых агароджванняў, могуць выкарыстоўвацца на больш неабходныя рэчы.
Разам з тым, ужо з 1 чэрвеня па спецыяльных пропусках можна будзе адпачываць ці лавіць рыбу на пагранічнай рацэ Буг.
Пытанняў да генерал-маёра было шмат. І практычна ўсе яны тычыліся малога прыгранічнага руху.
ПАСЛЯ выступлення ў Палацы культуры І.А.Рачкоўскі правёў прыём грамадзян у райвыканкаме (на здымку). А потым наведаў галоўныя адметнасці Пружан — Водны і Лядовы палацы.
Ганна Хадаровіч. Фота Аляксандра МЕЛЕША.