Пад такой назвай у Пружанах прайшла патрыятычная акцыя ў памяць загінуўшых ва ўсіх войнах.
Нагадаем нашым чытачам, што ініцыятарам падобных акцый стаў дагестанскі паэт Расул Гамзатаў – аўтар слоў вядомай песні “Журавы”. Кранальныя словы пра загінуўшых салдат, якія ператварыліся ў белых журавоў, натхнілі работнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі на гэтае мерапрыемства. На дапамогу ім прыйшлі калегі з дзіцячай бібліятэкі, танцавальны калектыў “Нябесны крок” Калядзіцкага СДК, юныя танцоры харэаграфічнага аддзялення ДШМ.
Ідэя яго правядзення з’явілася шмат гадоў таму, калі паэту давялося пабываць на жалобных мерапрыемстваў у Японіі, якія ладзіліся да 20-годдзя ядзернай бамбардзіроўкі Хірасімы. Тады ён даведаўся пра смяротна хворую японскую дзяўчынку, якая, не зважаючы на немач, працягвала выразаць з паперы белых жураўлікаў. Згодна з паданнем, мара споўніцца, калі зрабіць з паперы тысячу такіх птушак. І дзяўчынка верыла, хаця цуда так і не адбылося…
Узрушаныя гэтай гісторыяй, людзі з усяго свету пачалі рабіць папяровых белых журавоў з марай пра мірнае жыццё. Да высакароднай справы ўмацавання міру на зямлі цяпер маюць дачыненне і пружанскія школьнікі. Прымацаваўшы папяровых жураўлікаў да паветраных шарыкаў, яны выпусцілі іх у неба (на здымку).
З сімвалічнай харэаграфічнай пастаноўкай выступілі калядзіцкія танцоры. А як хораша жыць у сінявокай Беларусі, мір якой прынесла Вялікая Перамога, сваім танцам прадэманстравалі вучні пачатковых класаў харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).