У Пружанах адзначылі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Напярэдадні памятнай даты традыцыйны мітынг прайшоў у гарадскім скверы па вуліцы Тармасава.
Удзел у мітынгу прынялі прадстаўнікі раённай улады, шэрагу арганізацый, грамадскасць. Галоўнымі ж удзельнікамі сталі ветэраны баявых дзеянняў у «гарачых кропках», а таксама родныя тых, хто не вярнуўся жывым з Афганістана.
Мітынг адкрыў намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец. «15 лютага — дата ў многім сімвалічная для нашай дзяржавы, — зазначыў ён у сваёй прамове. — Міратворчая місія, для выканання якой на чужую зямлю быў уведзены абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў, зацягнулася». Праз горан той вайны, якую яшчэ нярэдка называюць антытэрарыстычнай аперацыяй, прайшлі і нашы землякі, 12 з якіх пасмяротна сталі героямі вайны, якой магло б і не быць. Але, на шчасце, з таго часу беларускія хлопцы больш ніколі не бралі ў рукі зброю з мэтай вырашэння палітычных пытанняў.
Ад імя воінаў-інтэрнацыяналістаў выступіў А.І.Мозераў, які не прамінуў звярнуць увагу на тыя змяненні, што за апошнія гады адбыліся ў гарадскім скверы воінаў-інтэрнацыяналістаў: добраўпарадкаваны сам сквер, у вечным палёце «застыў» верталёт, а не так даўно былі ўстаноўлены імянныя дошкі з выявамі загінуўшых землякоў. І, як прызнаўся сам выступоўца, на гэтым работы не спыняцца: мяркуецца, што ў скверы з’явіцца ваенная тэхніка. Але галоўнае, што прагучала ў прамове, — спадзяванне на тое, што нашчадкам ніколі не спатрэбіцца горкі вопыт воінаў-інтэрнацыяналістаў, стаўшых дастойнымі пераймальнікамі эстафеты ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Пра лепшыя якасці, якія праяўлялі воіны-інтэрнацыяналісты, не па чутках ведае і ваеннаслужачы 181 баявой верталётнай базы В.П.Мірановіч. «Кругласутачна падвяргаючыся небяспецы, вайскоўцы захавалі вернасць воінскай прысязе, — запэўніў Валянцін Паўлавіч. — Хочацца нізка пакланіцца баявым таварышам, якія паклалі свае жыцці, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, і пажадаць здароўя і дабрабыту тым, хто застаўся ў жывых».
Памяць воінаў, якія не вярнуліся з вайны, ушанавалі хвілінай маўчання і ружэйным залпам. А да помніка ўсклалі вянкі і кветкі.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).