Воскресенье, 8 декабря 2024

В Пружанах планируют создать музей «афганцам»

1 400

Гэта сцвярджае старшыня раённай арганізацыі «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане» падпалкоўнік В.М.Гарахавіцкі.

— Некалі давялося пабываць у Пінску, дзе навучэнцы педагагічнага каледжа сваімі рукамі зрабілі выдатны музей, прысвечаны вайне ў Афганістане, землякам, якім давялося выконваць інтэрнацыянальны абавязак. Калі ж гэта здолелі зрабіць дзеці, то чаму мы не можам тое ж ажыццявіць?— зазначае Валерый Мікалаевіч.

— Мы сабралі дастатковую колькасць экспанатаў і матэрыялаў для таго, каб зрабіць вялікую экспазіцыю. Аднак пакуль цяжкасці з пошукам памяшкання. Днямі сустракаўся з намеснікам старшыні райвыканкама, які паабяцаў аказаць падтрымку ў вырашэнні гэтага пытання.

— І што плануецца размясціць у будучым музеі?

— Некаторыя экспанаты раней бачылі наведвальнікі музея-сядзібы «Пружанскі палацык», калі там арганізоўваліся тэматычныя экспазіцыі і выставы. Вельмі шмат фотаздымкаў з асабістых архіваў удзельнікаў тых па-дзей, ёсць пісьмы, якія даслалі сваім бацькам нашы загінуўшыя землякі, ёсць тэматычныя экспанаты. Нават здабылі палётныя карты з нанесенымі маршрутамі. Мы ўжо меркавалі, якім будзе інтэр’ер музея. Нам спадабалася задумка тых жа пінскіх навучэнцаў, якія зрабілі макет афганскага кішлака. Поўнасцю паўтарацца мы не будзем, магчыма, гэта будзе мадэль савецкага блокпаста ці аэрадрома. Там жа  размесцяцца стэнды, на якіх будзе адлюстравана ўся гісторыя тых падзей — з уводу савецкіх войск і да дня вываду апошняга салдата.

Паўтаруся, што цяпер не хапае толькі памяшкання. Мы гатовы з сённяшняга дня прыступаць да работы, тым больш, што нядаўна наша арганізацыя адкрыла ўласны банкаўскі рахунак, на які паступаюць ужо сродкі ад фундатараў.

— Валерый Мікалаевіч, на сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі старшыня райвыканкама агучыў прапанову зрабіць музей пад адкрытым небам. Ці можна гэта ажыццявіць?

— Нешта падобнае ёсць у суседняй Бярозе. І гэта прыцягвае турыстаў. У нас таксама было жаданне выставіць у скверы па вуліцы Тармасава баявую тэхніку і зброю, якая выкарыстоўвалася ў Афганістане, размясціць тут здымкі загінуўшых у Афганістане жыхароў раёна.

Аднак падчас гутаркі Міхаіл Мікалаевіч прапанаваў стварыць пад адкрытым небам музей баявой славы, у тым ліку і падзей Вялікай Айчыннай вайны. Мы з яго прапановамі пагадзіліся, але для гэтага лепш, на нашу думку, падыходзіць сквер каля помніка Гудзімаву. Улічваючы зацікаўленасць і падтрымку з боку старшыні райвыканкама, пачнем сёлета ажыццяўляць гэту задумку. Напрыклад, Міністэрствам абароны нам выдзелены БТР, пададзены заяўкі і на іншую тэхніку. Думаю, калі ў міністэрстве ацэняць сур’ёзнасць нашых планаў, то задаволяць і іх. У гэты музей плануецца перанесці і верталёт з вуліцы Тармасава. Калі ўдасца, то паставім і макеты самалёты часоў Вялікай Айчыннай.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *