Нельга ўявіць жыццё чалавека без музыкі, тым больш, калі гэты чалавек малады. Кожнаму падабаецца штосьці сваё: хтосьці слухае поп-музыку, хтосьці рэп, а нехта захапляецца рокам. Сярод шматлікіх рокавых плыняў вылучаецца асаблівы напрамак, які называецца цяжкі метал.
Лічыцца, што гэта мужчынская музыка, але і некаторыя дзяўчаты не супраць паслухаць «цяжкія» мелодыі. Кожны фанат ведае шмат гуртоў любімага напрамку. Цікава, што ў нашым горадзе таксама існуе адна з такіх груп —«Methodic Collapse».
Група была заснавана ў 2001 годзе барабаншчыкам Іванам Яўсовічам і гітарыстам Арцёмам Бартасевічам. З тых часоў у калектыве шмат што памянялася з-за праблем з саставам. Толькі нядаўна ён стаў больш-менш пастаянным. Сёння да калектыву далучыліся вакаліст Ягор Шульга, басіст Юрый Царанок і гітарыст Андрэй Івашкін.
![«Methodic Collapse»](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2013/11/группа.jpg)
У 2005 годзе група, якая ў той час яшчэ называлася “Fatal Spot”, запісала дэма-альбом, які называецца «Отражение». Але, як канстатуюць самі музыканты, якасць запісу іх не задавальняе, таму альбом яны вырашылі не распаўсюджваць, слухаюць самі.
Ажно да 2010 года быў доўгі перапынак у дзейнасці групы. Па асабістых прычынах удзельнікі не змаглі займацца музыкай. Як расказвае Іван: “У кожнага з нас з’явіліся нейкія неадкладныя справы, і мы ра-з’ехаліся хто куды”. Тры гады таму музыканты аднавілі рэпетыцыі. Зараз яны сустракаюцца ў Палацы культуры па выхадных днях. Як расказваюць самі музыканты, галоўнае — займацца сістэматычна, каб не давялося зноў усяму вучыцца. За магчымасць рэгулярных рэпетыцый хлопцы выказваюць падзяку свайму куратару — загадчыцы аддзела Анастасіі Ціхановіч і дырэктару Палаца культуры Аксане Кавалевіч. І, вядома ж, толькі з падзякай успамінаюць былога дырэктара Васіля Іванавіча Курачынскага, які падтрымліваў іх з першых крокаў.
У планах групы правесці ў канцы восені – пачатку зімы метал-фэст з удзелам некалькіх гуртоў. Дзеля гэтага хлопцы мяркуюць запрасіць пераможцаў “Маладзёжнай вясны-2013” групу “Нармада”. А таксама ў іх, нарэшце, з’явілася дастаткова матэрыялу для запісу новага альбома.
Яўген Гарохаў.