“Цудоўная пяцёрка” — музычны шоу-конкурс пад такой назвай прайшоў у Палацы культуры. Паверце на слова: ну, вельмі ўжо таленавітыя былі ўдзельнікі, надзвычай адказнай атрымалася падрыхтоўка, а значыць, удалося стварыць гледачам сапраўднае свята.
Удзельнічалі ў шоу тры каманды: ЗАТ “БелМаркетКомпані”, цэнтральнай раённай бальніцы і філіяла РУП “Брэст-энерга” Пружанскія электрасеткі. Ва ўсіх конкурсах найперш ім патрэбна было прадэманстраваць вакальныя здольнасці. Але ўдзельнікі паказалі сябе яшчэ і здатнымі артыстамі, якія сябруюць з гумарам. Асабліва ім гэта ўдалося ў конкурсе на выкананне і інсцэніроўку народнай песні ці шлягера. Работнікі магазіна “БелМаркет” паўсталі перад гледачамі ў вобразе “бабушек-старушек” з аднайменнай песні, каманда бальніцы інсцэніравала “Два дубкі”, а спевакі электрасетак “Увезу тебя я в тундру”.
Не менш відовішчным атрымаўся конкурс, у якім з дапамогай песень удзельнікі расказвалі пра прывабнасць сямейнага жыцця. Для “белмаркетаўцаў” гэта з‘яўленне на свет дзяцей, для энергетыкаў – вядзенне хатняй гаспадаркі наадварот, калі муж стаіць ля пліты, а жонка адпачывае ў “вясёлай” кампаніі. А медыкі згадалі пра курортны раман і яго наступствы…
Адметна, што разам з вакалам, які так умела прадэманстравалі канкурсанты, яны здолелі са сцэны расказаць яшчэ і пра сябе, і пра сваю работу. Своеасаблівая творчая прэзентацыя суправаджалася відэаролікам. У ім дырэктары прадпрыемстваў і ўстаноў, чые каманды ўдзельнічалі ў конкурсе, расказвалі пра саміх удзельнікаў і жадалі ім поспеху. Як аказалася, вельмі дарэчы канкурсантам была дапамога так званых куратараў, работнікаў культуры Алега Строка, Аляксандра Казея, Алёны Анісені, якія дапамагалі з імправізацыяй, пастаноўкай, ідэяй. А незалежнае журы, на думку арганізатара гэтага мерапрыемства Алёны Лосевай, здолела аб’ектыўна ацаніць творчасць каманд, улічыўшы настрой большасці гледачоў у зале. І хоць спрэчкі з нагоды размеркаваных месцаў: першае – “БелМаркетКомпані”, другое – электрасеткі, трэцяе – ЦРБ, магчыма, не сціхаюць дагэтуль, нельга не згадзіцца з меркаваннем арганізатараў:
— Была рэалізавана галоўная мэта – гледачы атрымалі незабыўныя пазітыўныя ўражанні і цудоўны настрой.
Ні адзін удзельнік конкурсу не застаўся без падарунка. Да таго ж канкурсантаў, якія найбольш спадабаліся, асобна адзначылі члены журы – Людміла Шулянкова (прыватнае прадпрыемства “Майстар-клас плюс”), Таццяна Крастапчук (цырульня “Мулен Руж”), Аляксандр Гуц (ПП “БАНС инвест”), Васіль Зуй (ДЮСШ №2) і старшыня журы Аксана Кавалевіч (Палац культуры).
Галіна Каляда.