У суботу ў райвыканкаме адбылося пасяджэнне, на якім абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а таксама выкананне інавацыйнай праграмы на 2009-2011 гады, у якую ўключана і Пружаншчына. У пасяджэнні прымалі ўдзел старшыня праўлення Нацыянальнага банка РБ П.П.Пракаповіч, старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар, генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Мачулішчы» А.К.Ліневіч. Запрашаліся кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, незалежна ад форм уласнасці.
Гэтае пасяджэнне стала своеасаблівай справаздачай кіраўніцтва раёна за тыя капіталаўкладанні, што за апошнія два гады атрымала Пружаншчына. Як паведаміў старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч, толькі летась у нашу эканоміку дзяржава інвеставала звыш трыльёна рублёў. Асаблівы акцэнт у рэалізацыі інавацыйнай праграмы робіцца на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, лідарам сярод якіх лічыцца ААТ «Ружаны-Агра»: тут будуюцца сем буйных вытворчых аб’ектаў. Усяго гаспадарка атрымала больш 200 мільярдаў рублёў капіталаўкладанняў. Немалыя інвестыцыі таксама прыйшлі ў ААТ «Жураўлінае» і «Айчына». На што П.П.Пракаповіч зазначыў, што падчас выканання пунктаў праграмы нельга дапусціць перакосу ў бок буйных гаспадарак: людзі ўсюды жывуць, і трэба ўсюды ствараць належныя ўмовы жыцця і працы.
Аднак на гэтым прыемныя навіны скончыліся. Калі будаўніцтва буйных вытворчых аб’ектаў трымаецца пад належным кантролем, дык пра эфектыўную работу малочнатаварных комплексаў пакуль гаварыць рана. І наогул, паказчыкі летась былі горшымі, чым у папярэднім годзе, як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. У «мінусах» і гіганты аграпрамысловага комплексу раёна. Нагадаем, што падчас рэалізацыі праграмы мяркуецца вывесці гаспадаркі на самаакупнасць і самафінансаванне. А тут рэнтабельнасць практычна ва ўсіх упала на некалькі пунктаў.
— І зараз мы не будзем прымаць якія-небудзь кадравыя рашэнні, нам неабходна разабрацца ў сітуацыі,— сказаў П.П.Пракаповіч.
СЯРОД ПРЫЧЫН сумнай сітуацыі не называліся аб’ектыўныя падставы. Практычна на ўсіх прадпрыемствах нізкая выканаўчая дысцыпліна. Менавіта гэтым тлумачацца нізкі працэнт асемянення жывёлы, гібель цялят, хібы работы заатэхнічнай і ветэрынарнай служб. З гэтай нагоды старшыня аблвыканкама патрабаваў да канца зімы правесці атэстацыю ўсіх кадраў у гаспадарках раёна.
Да канца бягучага года, каб апраўдаць укладзеныя грошы, раён павінен паказаць сур’ёзную работу: напрыклад, прадаваць 90% малака гатункам «экстра». І гэта магчыма, пра што сведчыць прыклад ААТ «Айчына», дзе, дарэчы, аператары машыннага даення на такіх комплексах атрымліваюць зарплаты да трох мільёнаў рублёў.
НЕ МЕНШ адказны сёлетні год і для прамысловасці раёна: аб‘ёмы вытворчасці патрэбна павялічыць амаль на трэць. Мяркуючы па папярэдніх выніках, тут сітуацыя складваецца больш паспяхова. На многіх прадпрыемствах праведзена або праходзіць тэхнічнае абнаўленне, заключаюцца дамовы з новымі партнёрамі, у тым ліку і за мяжой. Сваю першую прадукцыю ў маі дасць новая лінія Пружанскага льнозавода, хутка запрацуе лінія вырабу ўпакоўкі для яблыкаў на заводзе радыёдэталей. Праект рэканструкцыі, пацверджаны бізнэс-планам, распрацаваны на ААТ «Пружанскі кансервавы завод». Для рэалізацыі планаў пераўзбраення патрэбна крэдытаванне і Аранчыцкай птушкафабрыцы: прадпрыемству неабходна 18 мільярдаў рублёў для выпуску яечнага парашку і меланжу, які цяпер мае трывалы попыт на рынках многіх краін. Дапаможа кредитный калькулятор. Праект павінен акупіцца праз 7-8 гадоў.
НА ПАСЯДЖЭННІ ўвагу ўдзялілі і арганізацыям малога і сярэдняга бізнэсу. Напрыклад, пры падтрымцы дзяржавы ў стадыі росквіту зараз ТАА «Уніформа»: па словах яго ўладальніка М.К.Таболіча, ужо сёння прадпрыемства ледзь спраўляецца з атрыманымі заказамі, неабходна павелічэнне вытворчых плошчаў, а значыць, і колькасці работнікаў. Пэўныя перспектывы намячаюцца ў ТАА «Нятканы свет», прадукцыя якога амаль поўнасцю ідзе на экспарт у Расію і Германію.
АНАЛІЗУЮЧЫ атрыманыя вынікі, старшыня праўлення Нацыянальнага банка РБ паведаміў, што такія нарады трэба праводзіць кожны квартал. І падчас рэалізацыі праграмы нельга забывацца пра пытанні энергазберажэння і шырока выкарыстоўваць мерапрыемствы па зніжэнні выдаткаў на выпуск прадукцыі, што таксама з’яўляецца шляхам павышэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў.
Алег Сідарэнка.