Прайшлі першыя паўфінальныя гульні на Кубак Брэсцкай вобласці па футболе 2014 года. На гарадскім стадыёне ў Пружанах у мінулую нядзелю сустракаліся ФК «Пружаны» і «Ружаны». Гледачы, якія сабраліся ў гэты дзень на стадыёне, сталі відавочцамі сапраўднага футбольнага трылера.
З першых мінут сустрэчы ініцыятывай завалодалі ружанскія футбалісты. У іх лепш трымаўся мяч, і ля варот ФК «Пружаны» (у скла-дзе якога гулялі выключна адны «легіянеры») раз-пораз узнікалі небяспечныя моманты. Лік быў адкрыты на 12-й мінуце пасля дакладнага ўдару галавой нападаючага ружанцаў Дзяніса Рудэнкі.
Потым гульня перайшла ў больш спакойнае рэчышча, а атакі накатваліся на вароты то адной, то другой каманды. Першая палова сустрэчы завяршылася з мінімальнай перавагай «Ружан» — 1:0.
А вось у другім тайме падзеі на полі разгортваліся так, што спадабаліся б сапраўднаму футбольнаму гурману. З першых мінут зноў ініцыятыва была на баку футбалістаў «Ружан». На 50-й мінуце Уладзімір Давідзенка ўдарам нізам з блізкай адлегласці робіць лік 2:0. Літаральна адразу пасля гэтага ўзяцця варот толькі штанга выратоўвае ФК «Пружаны» ад яшчэ большых непрыемнасцей.
І тут жа спрацавала футбольнае правіла: не забіваеш ты — заб’юць табе. У адной з атак пружанская каманда пасля удару Аляксандра Мішковіча скараціла лік да мінімуму і ініцыятыва трывала перайшла на яе бок. Футбалісты «Ружан» адказвалі рэдкімі, але даволі небяспечнымі контратакамі. І гэта прывяло да таго, што на 65-й мінуце ў вароты ФК «Пружаны» быў прызначаны пенальці. Але ігрок ружанскай каманды Сяргей Карпеш не здолеў яго рэалізаваць.
Перавага ФК «Пружаны» стала яшчэ больш адчувальнай. Практычна ўся гульня перамясцілася на палову поля ружанскай каманды. Час ішоў, а лік так і не мяняўся. І тут літаральна за некалькі мінут да фінальнага свістка ружанцы ўпусцілі момант, каб канчаткова зняць пытанне аб пераможцы гэтай сустрэчы — ФК «Пружаны» зноў выратавала тая ж самая штанга.
Ішла апошняя мінута гульні, калі ў вароты ружанцаў арбітр прызначыў пенальці. Удар Аляксандра Мішковіча быў дакладным. Фінальны свісток абвясціў аб баявой нічыёй — 2:2. Цяпер усё вырашыцца ў паўторнай гульні, якая адбудзецца ў гэтую суботу ў Пружанах.
P.S. І ўсё ж пасля гульні засталася нейкая гарчынка. Цяжкую траўму атрымаў і выбыў на працяглы тэрмін капітан каманды «Ружаны» Васіль Кечка. Да таго ж, каманда «Ружаны» да гэтага часу не ўнесла на рахунак абласной федэрацыі футбола заявачны ўзнос, што можа стаць прычынай зняцця яе з турніру.
Мікола Архуцік.