Навукова-практычная канферэнцыя “Імя ў гісторыі: Заходнепалескі рэгіён” — чацвёртая па ліку — яшчэ адзін доказ любові да роднага краю. На мерапрыемства сабраліся госці не толькі з Пружан і Брэстчыны наогул, але і з Мінска і Масквы. Мяне ўразілі навуковыя тытулы, важныя пасады і прозвішчы гісторыкаў, краязнаўцаў, навуковых супрацоўнікаў: нават па іх можна было зразумець важнасць дзеі, наладжанай музеем-сядзібай “Пружанскі палацык”.
На канферэнцыі прагучалі даклады абсалютна рознай тэматыкі. Але адзінай была іх ідэя: свой след пакінуў кожны чалавек, які жыў на нашай зямлі, кожная асоба, якая мела дачыненне да Заходнепалескага рэгіёна. Таму варта памятаць іх імёны і ганарыцца сваімі продкамі. Краязнаўца з Масквы Н.П.Магер падзялілася вопытам работы і ўражаннямі ад музеяў і сядзібаў Заходняга Палесся. Прадстаўніца Таварыства вывучэння рускай сядзібы з мужам ужо не першы раз у Пружанах і заўсёды рада гасціннасці і ўтульнасці нашага краю. Дырэктар “Палацавага комплексу “Мір”, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.М.Папко расказала аб лёсе звычайнага чалавека Дзям’яна Салапуры з в. Кацёлкі ў віхурах гісторыі. Як аказалася, яго лёс — тыповае ўвасабленне лёсаў заходнебеларускіх сялян канца 19-га — першай паловы 20-га стагоддзяў.
Л.М. Быцко, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры ДУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, улюбёна распавядала аб асобе народнага майстра, разьбяра Мікалая Тарасюка на фоне яго выставы “Драўляны народ”. У маі мы будзем святкаваць 140-годдзе з дня нараджэння мастака Станіслава Жукоўскага. Як нельга дарэчы да гэтай даты быў падрыхтаваны даклад магістра мастацтвазнаўства, старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Ю.У. Лісай.
Калі хто з пружанцаў з прозвішчам Дакучыц зацікавіцца сваімі каранямі, то варта звярнуцца да А.В. Кенды, краязнаўца з Бярозаўскага раёна. Ён расказаў пра гісторыю рода ў XVII-XVIII ст. у кантэксце дэмаграфічных і сацыяльна-эканамічных працэсаў у мястэчках Сялец і Малеч.
Краязнаўца з Баранавіч М.М.Маліноўскі ў сваім паведамленні “Восьмы цуд свету на Палессі” і дакладзе “Вёска Байкі ў прасторы часу і імя ў гераізме” паказаў веданне не толькі гісторыі і часу, але і раскрыў сябе, як апантанага даследчыка.
А.М.Рысь, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, назвала былога дырэктара музея А.М.Мартынава прыкладам служэння сваёй справе. Уразіў яе расказ, як дырэктар у чамаданах звозіў чыгунныя ядры і іншыя экспанаты, каб зрабіць музей адмысловым. На жаль, яго не стала на 95-м годзе жыцця, але — як памяць аб ім — музей у Кобрыне радуе наведвальнікаў.
Журналіст “Раённых будняў” І.У.Сядова даўно захапляецца краязнаўствам. Яе даклад яшчэ больш пашырыў наша веданне пра гісторыю храмаў і асобы святароў Пружаншчыны. Галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы Н.С.Пракаповіч сумесна з краязнаўцам С.З. Рабчуком прыадкрыла старонку падзей стагадовай даўнасці. Даклад насіў назву “Маленькі чалавек на Вялікай вайне”. Яго аўтары паспрабавалі прааналізаваць ваенныя страты сярод асоб, прызваных з Пружанскага павета ў 1914-1915 гадах.
А дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Ю.С. Зялевіч у сваім дакладзе гаварыў не толькі аб адлюстраванні імёнаў выдатных землякоў у зборах музея, але і шчыра дзякаваў людзям, якія дапамагаюць у зборы і папаўненні фондаў.
Навукова-практычная канферэнцыя працягвалася не толькі ў залах музея: азнаямленчая паездка ў Стараволю, Шарашова, Крыніцу з дажджом і вясёлкай дадала цудоўнага настрою ад наведвання Пружаншчыны. Раз’язджаліся госці са словамі вялікай падзякі і надзеяй на новыя сустрэчы.
Ніна Дыдышка.
На здымку: удзельнікі канферэнцыі ў Стараволі, на месцы, дзе стаяла сядзіба Жукоўскіх.