Четверг, 5 декабря 2024

В ожидании музея Крашевского поклонники его творчества создают фонд

2 289

Можна смела сказаць, што гэты год на Пружаншчыне прайшоў пад знакам Крашэўскага. Знакамітаму пісьменніку, мастаку, музыканту, навукоўцу, чые юнацкія гады прайшлі ў маёнтку Доўгае, сёлета споўнілася 200 гадоў. За гэты юбілейны год у раёне была праведзена маштабная работа па папулярызацыі шматграннай творчасці Юзафа Ігнацы. І калі на пачатку года даследчыкі творчасці Крашэўскага з аптымізмам абмяркоўвалі магчымасць стварэння музея земляка, імя якога нават трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса, то на сустрэчы, што адбылася ў гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі, ужо абмяркоўвалі альтэрнатыўныя варыянты.

Сустрэча адбылася цікавая. На гэты раз асоба Крашэўскага аб’яднала перакладчыкаў. Нягледзячы на тое, што першым пераклаў верш Крашэўскага яшчэ Янка Купала, і сёння яшчэ беларусы знаёмы толькі з малой часткай яго творчасці.

Тым не менш, як адзначыла журналістка Людміла Бунеева, спадар Крашэўскі, пэўна, радуецца на нябёсах, што і праз два стагоддзі выклікае такую

цікавасць на сваёй малой радзіме. Пра сваю працу над перакладамі расказаў літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька. Міхась Паўлавіч адзначыў, што нават палякі не могуць выдаць поўны збор твораў Юзафа Ігнацы. Па папярэдніх падліках, ён можа скласці каля 600 тамоў. Міхась Кенька лічыць нашага земляка пачынальнікам масавай літаратуры і гістарычнага рамана. Мастацкія творы гістарычнай тэматыкі Крашэўскага пэўны час выкарыстоўваліся як падручнікі па гісторыі Польшчы.

Аб тым, як шчыра пісаў пісьменнік, можна здагадацца з прызнання перакладчыка: Міхась Паўлавіч так зжыўся з героем падчас перакладу рамана “Маці каралёў”, што неаднойчы ад суперажывання на вочы наварочваліся слёзы. Пераклады Кенькі (гістарычныя раманы “Маці каралёў”, “Лісты Глінкі”, “Кароль у Нясвіжы”, “Апошняя са слуцкіх князёў”) былі выдадзены ў серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” ў 2007 і 2009 гадах. Адметна, што Міхась Паўлавіч не браўся за творы Крашэўскага, якія ўжо былі перакладзены на рускую мову.

Шмат увагі постаці Юзафа Крашэўскага прысвяцілі бацька і сын Расціслаў і Анатоль Бензерукі. Першы як філолаг і перакладчык, другі — як гісторык. Анатоль Расціслававіч заўважыў, што нам не трэба імкнуцца перакласці ўсе 600 тамоў, трэба выбраць з іх найцікавейшае і найважнейшае. Але перакладаць на беларускую мову неабходна — гэта паказчык самадастатковасці нацыі, калі на яе мове гучаць самыя разнастайныя пераклады. Расціслаў Мацвеевіч зачытаў лірычны верш “Два словы”. Не ведаю, як ён гучыць у арыгінале, а ў перакладзе сапраўды  бярэ за сэрца. А пад вершам стаіць подпіс: “1834 год. Доўгае”.

Літаральна сёлета скончыў пераклад і выдаў паэму “Вёска” ліноўскі паэт-пчаляр Мікола Папека. У гэтым творы Крашэўскі прызнаецца ў любові да Пружаншчыны, менавіта гэтым зацікавіла “Вёска” Міколу Папеку, які прызнаўся, што польскай мовы не ведае, але “працерабіўся” і пераклаў.

Падводзіла вынікі сустрэчы даследчыца творчасці Крашэўскага Руслана Гусева. Руслана Мікалаеўна разам з сястрой Ірынай падрыхтавалі і выдалі 4 кнігі, прысвечаныя Юзафу Ігнацы. Ірына Мікалаеўна таксама з’яўляецца аўтарам вершаваных перакладаў з польскай мовы на рускую. Руслану Мікалаеўну называюць першай беларускай даследчыцай жыцця і творчасці Юзафа Крашэўскага. Працаваць ва ўмовах, калі ў краіне няма ніводнага музея ці нават фонду імя сусветна славутага земляка, — вельмі складана. Шмат надзей Руслана Гусева ўскладала на Пружаншчыну, верылася, што менавіта тут з’явіцца музей. Урэшце, яна сама выступіла з прапановай стварыць своеасаблівы фонд будучага музея пры Пружанскай раённай бібліятэцы. У той жа дзень гасцямі вечарыны ў бібліятэку было перададзена 50 кніг (большасць з іх вельмі рэдкія выданні). Азнаёміцца з рарытэтнай літаратурай можна ў чытальнай зале.

— Магчыма, калі мы зможам сабраць сапраўды шмат матэрыялу самастойна, на нас звернуць увагу і ўлады, — рэзюмавала Руслана Мікалаеўна. Трэба адзначыць, што на сустрэчы гучала музыка Юзафа Крашэўскага ў выкананні Святланы Казей, а таксама прысутнічаў мастак і мастацтвазнаўца Аркадзь Дзенісевіч, які падрыхтаваў  альбом аб Крашэўскім-мастаку.

Кацярына ПАШКЕВІЧ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *