Па дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці, у мінулым годзе ў рэгіёне выкіды забруджваючых рэчываў у атмасферу ад стацыянарных крыніц зменшыліся амаль на 17% — да 28,6 тысячы тон. Спецыялісты звязваюць гэта са зніжэннем долі мазуту ў паліве.
ПРАДПРЫЕМСТВЫ вобласці выкідваюць у атмасферу ўсяго 8% ад рэспубліканскага ўзроўню шкоднага дыму. Узначальвае ж «чорны спіс» забруджвальнікаў паветра Віцебшчына. На яе долю прыходзіцца чвэрць усіх выкідаў у краіне. Адзін толькі Наваполацк — самы «дымячы» горад Беларусі — выкінуў у атмасферу амаль у два разы больш, чым уся Брэсцкая вобласць, — 50 тысяч тон бруду. За «лідарам» ідуць Мінск (31 тыс.т), Новалукомль (16 тыс.т), Гродна (12 тыс.т), Гомель (11 тыс.т). Прамыслова-энергетычныя цэнтры Брэсцкай вобласці ў параўнанні з гэтымі дымячымі гігантамі, на шчасце, больш сціплыя: Брэст у 2010 годзе выкінуў у атмасферу 2,9 тыс.т, Белаазёрск — 2,6 тыс.т, Пінск — 2,3 тыс.т забруджваючых рэчываў.
Пра тое, як у гэтым пераліку выглядае Пружаншчына, нам паведамілі ў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Штогод статыстычную справаздачнасць галіноваму міністэрству даюць 13 прадпрыемстваў раёна. У 2009 годзе найбольш — амаль 394 тоны шкодных рэчываў — выкінулі ў паветра прадпрыемствы КУВП «Камунальнік». Крыху больш за 84 тоны — ільнозавод, 40,3 тоны — малочны камбінат.
У канцы красавіка статыстыкай будуць абнародаваны дадзеныя за мінулы год. Ёсць падставы спадзявацца, што яны будуць яшчэ меншыя: у 2005 годзе ў раёне было 1456 тон шкодных выкідаў, 2006 г.— 1377 т, 2007 г. — 1358 т, 2008 г. — 1133 тоны. А летась раён забрудзіў паветра 896,8 тонамі шкодных выкідаў.
Але гэта адзін бок справы. Другі заключаецца ў тым, што многія выкіды нават у параўнальна невялікіх колькасцях здольны наносіць непапраўную шкоду ўсяму жывому. У іх ліку вокіс вугляроду, вуглевадароды, цвёрдыя рэчывы, дыяксід азоту. Дыяксід серы (выкінута ў мінулым годзе 22,8 тоны), напрыклад, пры ўдыханні ў высокай канцэнтрацыі можа выклікаць удушша, ванітаванне і нават востры ацёк лёгкіх. Больш таго, трапляючы ў атмасферу, шляхам нескладаных хімічных рэакцый ён ператвараецца ў серную кіслату і выпадае ў выглядзе кіслотнага дажджу. Ці не таму расліны побач са шкоднай вытворчасцю ўсеяны дробнымі плямкамі? Гэта не што іншае, як месцы асядання сернай кіслаты.
Кіслотныя дажджы наносяць значную шкоду вадаёмам: водныя расліны і рыбы пачынаюць гінуць, затое імкліва растуць бура-зялёныя водарасці.
Таму нязначнае змяншэнне шкодных выкідаў, безумоўна, радуе. Але трэба рабіць усё магчымае, каб яны ўвогуле адсутнічалі.
Ганна Хадаровіч.