20 сакавіка ў вёсцы Новыя Засімавічы адбылася рэдкая нават па мерках раёна падзея: з бласлаўлення Уладыкі Іаана тут прайшоў чын асвячэння месца будаўніцтва новай царквы. Яго праводзілі благачынны Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка і духоўныя служыцелі раёна (на здымку). Сабралася нямала народу: прадстаўнікі ПМК-21, ваеннаслужачыя 181 авіяцыйнай базы, прыхаджане. Святары ўрачыста заклалі краевугольныя камяні і зрабілі прастол храма ў гонар іконы Найсвяцейшай Багародзіцы «Неспадзяваная Радасць». Але аповед аб гэтым варта пачынаць з падзей больш чым дзесяцігадовай даўнасці.
Новыя Засімавічы — адзін з тых ваенных гарадкоў, пры стварэнні якога пра будаўніцтва царквы і размовы не магло быць. Але з часам змянілася стаўленне да веры — і мясцовыя жыхары вырашылі, што свой храм ім проста неабходны. Ініцыятарам стварэння царкоўнай абшчыны ў гарадку, які атрымаў статус вёскі і стаў цэнтрам сельсавета, з’явілася майстар «Жилищника», на той час дэпутат раённага Савета дэпутатаў Валянціна Іванаўна Грыцюк.
З блаславення царкоўных улад 16 лютага 2004 года ў Брэсцкім аблвыканкаме была зарэгістравана праваслаўная абшчына. Адказваў за будаў-ніцтва храма святар Ігар Мрыхін. Была заказана праектна-каштарысная дакументацыя.
Каб абшчына мела магчымасць жыць духоўна, Праасвяшчэнны Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан блаславіў здзяйсняць набажэнствы ў якім-небудзь часовым памяшканні. Падыходзячага не аказалася — і давялося ўзяцца за будаўніцтва сваімі сіламі. Да восені 2010 года быў узведзены будынак, пэўны час працягваліся яго аддзелка і ўпрыгожанне, збіралі грошы на патрэбнае начынне… Першую літургію адслужылі толькі на Каляды 2013 года, і з таго часу па нядзелях і святочных днях тут праводзяцца богаслужэнні. Двойчы сціплы храм наведваў Уладыка Іаан.
Паралельна ішла падрыхтоўка да «сапраўднага» будаўніцтва. Восенню 2010-га святаром Новазасімавіцкай царквы быў прызначаны Сергій Сысаляцін. Ён актыўна ўзяўся за справу. Першым яго памочнікам стаў царкоўны стараста Сяргей Фёдаравіч Сямёнаў. З часам былі сабраны неабходныя ахвяраванні, заключаны дагавор з ПМК-21. Дарэчы, гэтая арганізацыя ўжо мае неблагі вопыт падобнага будаўніцтва, а яе дырэктар Васіль Сцяпанавіч Лук‘янчук — ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна, узнагароджаны медалём свяціцеля Кірыла Тураўскага.
Мяркуецца, што пасля заканчэння будаўніцтва часовае памяшканне царквы будзе выкарыстоўвацца пад нядзельную школу.
Ірына Сядова, фота Сяргея Сямёнава.