Жыхары Новых Засімавічаў на мінулым тыдні атрымалі ў падарунак магазін. Стары магазін «Ваенсервісу» быў бязвыплатна перададзены ў камунальную ўласнасць, а потым — філіялу райспажыўтаварыства «Прадтавары».
На працягу цэлага лета тут шчыравалі будаўнікі. Было адноўлена практычна ўсё: водазабеспячэнне, ацяпляльная сістэма, электрычнасць. Зроблена густоўная аддзелка. У абноўленым магазіне, гандлёвая плошча якога пасля рамонту прыкметна пабольшала, устаноўлена і новае абсталяванне, у тым ліку пяць вузлоў разліку за набыты тавар. Тут цяпер можна набыць садавіну, агародніну і караняплоды, сухафрукты і замарожаную агародніну. Гаспадыням з Новых Засіма-вічаў не трэба цяпер ездзіць у горад па мясныя паўфабрыкаты. У іх магазіне ў шырокім асартыменце ёсць і кандытарскія вырабы, марожанае. Працуе аддзел па продажу тавараў прамысловай групы.
Але канчаткова гандлёвыя праблемы пасёлка будуць вырашаны з адкрыццём тут у першых чыслах снежня пасля рамонту і пераабсталявання яшчэ аднаго магазіна — былога прадуктовага, размешчанага каля аўтадарогі. Цяпер тут будуць гандляваць прамысловымі таварамі, складанай бытавой тэхнікай і нават мэбляй, якую можна будзе заказаць па каталогах.
Ганна Хадаровіч.