Навукова-практычная канферэнцыя “Падзеі Першай сусветнай вайны ў лёсе Заходняй Беларусі”, якая прайшла ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, сабрала даследчыкаў гісторыі не толькі з Беларусі: у ёй прынялі ўдзел і расійскія спецыялісты — вучоныя з Разанскага дзяржуніверсітэта, краязнаўцы з Масквы.
А пачалася канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны, з адкрыцця фотавыставы. На фотавыставе прадстаўлены ўнікальныя здымкі Пружаншчыны пачатку 20 стагоддзя. Як запэўніў дырэктар музея-сядзібы Юрый Зялевіч, большасць гэтых фотаздымкаў рарытэтныя. Нямецкія калегі падарылі музею фотаальбом маёра Гроса, часць якога базіравалася на тэрыторыі нашага раёна. Многія мясціны на здымках знаёмыя і сёння. Асаблівай папулярнасцю ў нямецкіх афіцэраў карысталіся Белыя лаўкі – менавіта яны адлюстраваны на вялікай колькасці картак. Сабор Аляксандра Неўскага, палацык, касцёл, аптэка (сёння гэта “Прэстыж”) таксама знайшлі сваё адлюстраванне. Але аб многіх будынках, выглядзе тагачасных вуліц можна даведацца ўжо толькі з фотаздымкаў…
Адлюстроўваюць здымкі і побыт мясцовых жыхароў, службу нямецкіх афіцэраў, краявіды.
Думаем, што выстава будзе карыснай усім, каго цікавіць мінулае Пружаншчыны.
Два дні доўжылася канферэнцыя. Гэта былі найцікавейшыя гадзіны, запоўненыя не толькі навуковымі выступленнямі (матэрыялы, якія датычацца Пружанскага раёна, яшчэ ўбачаць свет на старонках “Раённых будняў”), але і зносінамі людзей, маючых агульнае захапленне.
Нягледзячы на тое, што сферы інтарэсаў даследчыкаў розніліся (напрыклад, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук А.В.Трафімчык раскрыў тэму пасляваеннага падзелу Беларусі праз творчасць беларускіх паэтаў, а прафесар Разанскага дзяржуніверсітэта П.У. Акульшын даследаваў, чаму Чырвоная армія нарадзілася менавіта ў нас), усе зыходзіліся ў адным: для таго, каб мець магчымасць карыстацца ўрокамі гісторыі, яе трэба дасканала вывучаць і ведаць.
Ірына Сядова, Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).