Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Алена Іосіфаўна Сцепанюк па сваёй натуры чалавек надзвычай захапляльны. У вольны ад заняткаў у школе час яна спяшаецца ў кветнік ля свайго дома. Ведае: сузіранне хараства цюльпанаў, бягоній, пятуній, гладыёлусаў, хрызантэм, іншых разнастайных кветак, пачынаючы з ранняй вясны да позняй восені, абавязкова падыме настрой!
—Гэта ў мяне ад мамы, — прызнаецца жанчына. — Каля бацькоўскай хаты заўсёды цвілі кветкі. Не магу без іх і я. З задавальненнем займаюся іх развядзеннем, мяняюся са знаёмымі, не шкадую грошай на набыццё новых сартоў і відаў. Галоўнае, каб кветкі былі прыгожымі, заўсёды цешылі вока, падабаліся людзям.
Нават з надыходам халадоў не развітваюцца Сцепанюкі са сваім кветкавым царствам. Шмат якія кветкі перакачоўваюць у дом, дзе працягваюць радаваць гаспадароў нават у сцюдзёныя маразы. Шматгадовае захапленне кветкамі мамы паступова перайшло да дзяцей. Нягледзячы на паўсядзённую занятасць, знаходзіць хвілінку, каб дапамагчы жонцы, і муж.
А яшчэ Алена Іосіфаўна ставіць “салодкія” доследы. Для яе звычайная з’ява вырасціць на агародзе сакавітыя кавуны, а на падаконніку — гранаты і ананасы. І не толькі ў сябе дома. Мандарынавыя і лімонныя дрэўцы (з пладамі!) упрыгожваюць нават школьны кабінет, у якім выкладае настаўніца. А за ростам ананаса, здаецца, назірае ўжо ўся школа.
Сядзіба Алены Іосіфаўны і Мікалая Аляксеевіча Сцепанюкоў у Мокрым лічыцца адной з самых прыгожых. Разнастайнасцю яркіх фарбаў адрозніваецца не толькі яна, але і тэрыторыя навокал. Так, дзякуючы няўрымслівасці настаўніцы матэматыкі, у кветках патанае і абочына вясковай дарогі насупраць. У ход ідуць і адслужыўшы свой тэрмін посуд, і нават аджыўшае век дрэўца. Ну, ці маглі ведаць праекціроўшчыкі вуліцы Садовай, што з часам паселіцца тут такая Алена Іосіфаўна? Магчыма, і вуліцу тады б Кветкавай назвалі.
Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).