Вторник, 21 января 2025

В микрорайоне «Северный» появились проблемы из-за… бескультурья жителей

2 912

Гэта менавіта той выпадак, калі тэму артыкула падказаў не чытач. У рэдакцыю патэлефанаваў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А.В.Бушук, які з крыўдай зазначыў, што газета апошнім часам поўнасцю стала на абарону правоў жыхароў горада. Хаця побач з гэтым нялішнім было б некаторай частцы нашай аўдыторыі нагадаць і пра іх абавязкі ў дачыненні да таго месца, дзе яны жывуць.

Сапраўды, за некалькі апошніх гадоў гарадскімі ўладамі зроблена вельмі многае ў плане добраўпарадкавання мікрараёнаў «Паўночны» і «Паўночны-2», якія па прыгажосці хутка пераўзыйдуць цэнтр Пружан. Пабудавана вялікая колькасць жылых і сацыяльна-культурных аб’ектаў, заасфальтаваны ўсе вуліцы, пракладзены тратуары. І гэта не мяжа: на чарзе развіццё інфраструктуры гарадскога раёна.

— Аднак, як самі гараджане ставяцца да захавання падоранага хараства?— пытаецца Аляксандр Вячаслававіч і з абурэннем адказвае — Больш за ўсё абурае тое, у што ператварылі людзі зялёныя газоны.

Да кожнай пешаходнай «зебры» зроблены падыходы з тратуару. Але гараджане імкнуцца прайсці па газоне, у выніку чаго амаль поўнасцю некаторыя вытапталі. А там рукамі работнікаў «Зелянгаса» былі зроблены прыгожыя кветнікі.

Як высветлілася, праблемы такой раней не было, а з’явілася яна пасля… засялення новабудоўляў. Справа ў тым, што жыльцы гэтых кааператыўных дамоў не спяшаюецца заключаць дамовы на вываз смецця. Такое жаданне выказалі толькі члены кааператыву «Палявы-3». А чаго чакаюць астатнія? Яны ж таксама смецце выкідваюць. Як расказваюць жыхары шматпавярховак па вуліцы Інтэрнацыянальнай, «навасёлы» прыносяць смецце да магазіна «Ніва», куды каля 20.00 прыязджае па графіку смеццявозка. У асобныя дні ў выніку тут збіраецца да трох соцень чалавек. Каб крыху разгрузіць, камунальнікі ставяць спецыяльна машыны ў двары новых мікрараёнаў для збору будаўнічага смецця. Аднак жыльцы ўсё роўна, праз новыя газоны, нясуць свае вёдры на Інтэрнацыянальную.

Пасля назіранняў за навасёламі прыйшоў да высновы, што хутка ў мікрараёнах узнікнуць новыя праблемы, калі людзі не навучацца жыць па-гарадскому. Каля кожнага дома зроблены вялікія аўтамабільныя стаянкі, а двары, па задумцы архітэктараў, сталі пешаходнымі зонамі. Але некаторыя ўсё роўна імкнуцца прыпаркаваць сваё аўто літаральна пад дзверы пад’езда на пешаходнай плітцы. У некаторых месцах ужо ўтварыліся каляіны, у якіх пасля дажджу збіраецца вада. Відаць, хутка паляцяць скаргі… На каго? Безумоўна, на мясцовую ўладу, хоць не яна, а самі жыльцы робяць усё, каб знішчыць паднесеную ім на сподачку прыгажосць.
Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *