1 студзеня гэтага года гарадскі клуб мікрараёна “Паўночны” стаў Домам культуры. У пакоях установы прайшоў рамонт, і цяпер наведвальнікаў чакаюць яшчэ больш утульныя бібліятэка і чытальная зала, памяшканні для работы гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў.
— Займаюцца ў нас каля 140 дзяцей і дарослых, — расказвае дырэктар ГДК Вольга Уладзіміраўна Шэпель. – У раёне добра вядомы народны ансамбль танца “Круцёлачкі” пад кіраўніцтвам Аксаны Васільеўны Ільюшонак, шмат аматараў у лялечнага і тэатральнага гурткоў, для дзяцей і дарослых арганізаваны заняткі па сольных спевах.
Пры аматарскім аб’яднанні “Натхненне” жанчыны займаюцца пакаёвымі кветкамі, ёсць і аздараўленча-спартыўнае аб’яднанне “Гармонія”, актыўныя падлеткі наведваюць “ДАР”.
Побач з Вольгай Уладзіміраўнай працуюць мастацкі кіраўнік Вераніка Буцько, рэжысёр Кацярына Цяжолава, кіраўнік гуртка па макрамэ Алена Каляда.
Мікрараён “Паўночны” пастаянна пашыраецца, насельніцтва тут маладое і актыўнае, таму заўсёды шматлюдна на мерапрыемствах Дома культуры. Адметна, што яны часта праходзяць пад адкрытым небам. На жаль, пакуль прылягаючая тэрыторыя нядобраўпарадкавана, што часам замінае гледачам і ўдзельнікам. Не стае ў мікрараёне і афішнай тумбы для анансавання мерапрыемстваў. Але малады калектыў глядзіць у будучыню з аптымізмам. Вось і на гэты месяц запланаваны шэраг свят. 14 лютага тут чакаюць усіх, хто верыць у каханне, на святочную праграму “Валянцінка”, 23 лютага адбудзецца “PRY SHOW” з выступленнем маладых мясцовых рок-гуртоў, чытаннем рэпа і вулічнымі танцамі. І Дом культуры, і бібліятэка цесна супрацоўнічаюць з СШ №5, дзе нядаўна сумеснымі намаганнямі прайшоў тыдзень роднай мовы.
У бібліятэкі, якой загадвае Людміла Кашуба, звыш дзвюх тысяч чытачоў, палова з якіх – дзеці. Перад новым годам бібліятэка значна папоўніла свае фонды, тут вы знойдзеце класіку, сучасную беларускую і замежную літаратуру, шмат кніг духоўнай тэматыкі. Напрыклад, за мінулы годы бібліятэкары выдалі на рукі амаль 40 тысяч кніг!
Мясцовая дзятва любіць праводзіць час у чытальнай зале, дзе ўважлівая Таццяна Ракіцкая знаёміць маленькіх чытачоў нават з 3Д-кнігамі. Паспяхова працуе пры бібліятэцы экалагічны клуб “Лесавік”, зараз яго ўдзельнікі разам з бібліятэкарамі Вольгай Ляўшыцкай і Інай Букса рыхтуюць цікавую праграму да юбілею пісьменніка Міхаіла Прышвіна.
Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).
На здымках: дырэктар Дома культуры В.У. Шэпель (зправа) і рэжысёр К.У. Цяжолава; загадчыца бібліятэкі Л.С. Кашуба.