Воскресенье, 8 декабря 2024

В микрорайоне «Северный» возможно появится СШ №6

22 300

Сучасны этап добраўпарадкавання Пружан мы звязваем з рэспубліканскімі «Дажынкамі». Але за прайшоўшыя сем гадоў у нас не толькі падтрымлівалі парадак, але і будавалі, паляпшалі, рамантавалі… Толькі ў будаўніцтва новых аб’ектаў укладзены мільярды рублёў. Чым больш робіцца – тым больш патрабуюць. Асноўная колькасць пытанняў, якія задаюць гараджане карэспандэнтам «раёнкі», тычыцца менавіта добраўпарадкавання вуліц. З іх мы і пачалі нашу гутарку з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А.В.БУШУКОМ.

— У райцэнтры агульная працягласць вуліц складае больш за 73 кіламетры. Гэта складана для добраўпарадкавання,— расказвае Аляксандр Вячаслававіч.— Напрыклад, г.Бяроза — большы па насельніцтву, але там больш шчыльная забудова. У нас жа, нягледзячы на масавае будаўніцтва шматпавярховых дамоў, па-ранейшаму пераважае прыватны сектар.
Аднак і нам ёсць, чым пахваліцца. У перспектыве мяркуем поўнасцю заасфальтаваць усе, а не толькі цэнтральныя вуліцы. А пакуль цвёрдае асфальтавае пакрыццё зроблена ўжо амаль на 53 кіламетрах вуліц. Да слова, асфальт кладзем толькі там, дзе ўжо праведзены інжынерныя сеткі: каналізацыя, газа-правод, тэлефонныя кабелі.
Бліжэйшыя планы датычацца трох кіламетраў, а калі будзе фінансаванне, то да іх дабавіцца яшчэ пяць кіламетраў вуліц. Ужо заключаны дамовы з шэрагам субпадрадных арганізацый, і ў жніўні работы пачнуцца на вуліцы Леніна (тратуары), вул. Шаўчэнкі (другі пласт), вул. Фрунзе, зав.Горына-Каляды (другі пласт), вул.Заслонава з завулкам  Кастрычніцкі, 2-гі зав. Я.Купалы (другі пласт), зав. Багушэвіча (другі пласт),  вул. Якубоўскага (другі пласт), вул. Зарэчная (другі пласт), вул. Вішнявецкага з завулкам.
Пакуль нявырашаным застаецца лёс астатніх 12 кіламетраў, якія патрабуюць добраўпарадкавання, пракладкі інжынерных сетак. Гэта — кварталы новай забудовы ў асноўным у паўднёва-заходнім баку горада. Мяркую, што ў наступныя гады фінансавае пытанне будзе і для іх станоўча вырашана.

— Шмат пытанняў задаецца гараджанамі і па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый. І тут праблемы ўздымаюцца не толькі па асфальтаванні.
— Так, гэтаму таксама ўдзяляецца ўвага аддзелам архітэктуры і будаўніцтва. Безумоўна, планіроўка існуючых дваровых тэрыторый не адпавядае сучасным патрабаванням. І наша задача: падчас добраўпарадкавання як мага бліжэй наблізіцца да іх выканання. У адпаведнасці з гэтым і будуем планы па навядзенні парадку. Сёлета добраўпарадкаваны двор дома №28 па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе заменена асфальтавае пакрыццё, зроблены тратуар. Дзе магчыма, будуць зроблены аўтамабільныя стаянкі, заменена або пракладзена новае асфальтавае пакрыццё, разбіты газоны. Пакуль на гэта выдзелена паўмільярда рублёў, але гэта ўсё, што мы можам зараз сябе дазволіць.
Спадзяемся, што ў наступныя гады праграма па добраўпарадкаванні гарадскіх двароў будзе працягвацца.
Ёсць планы і па ўстаноўцы дзіцячых гарадкоў. Згодна з новымі нарматыўнымі актамі жыллёва-камунальнай сферы, дзіцячая пляцоўка павінна ўключаць у сябе пясочніцу, арэлі і горку. Але па новых санітарных нормах горкі трэба закупляць толькі ў спецыялізаваным прадпрыемстве. Гэта вельмі дорага. Пакуль устаноўлены новыя арэлі і пясочніца на Свабоды, 85Б, каруселі і арэлі з’явіліся на Кастрычніцкай, 60 і ў в.Шані на Цэнтральнай, 44, 46. Для астатніх дзіцячых пляцовак за-планаваны бягучы рамонт пры наяўнасці сродкаў.

— Аляксандр Вячаслававіч, райцэнтр зараз актыўна пашыраецца. А ці будзе гэты рост якасным? Я маю на ўвазе мікрараён «Паўночны», дзе будуюцца шматпавярховыя дамы, а сфера абслугоўвання жыльцоў гэтага мікрараёна пакуль адстае.

— У ходзе ўзвядзення жылых дамоў, безумоўна, ствараецца і неабходная інфраструктура. Гэта водаправод, каналізацыя, газавае і электразабеспячэнне. Побач з гэтым пасля завяршэння ў 2015 годзе забудовы мікрараёна «Паўночны-2», які працягнецца да аўтазапраўкі «Слаўнафта», запланавана ўзвядзенне цэлага комплексу абслугоўваючых аб’ектаў. Сярод іх будуць гандлёвы цэнтр, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, сервісныя пункты. Акрамя таго, у  планах — будаўніцтва сярэдняй школы-сада, якая стане шостай у горадзе. Ёсць пэўныя меркаванні наконт яе напаўняльнасці і канкурэнцыі з дзеючымі суседкамі — СШ №3 і №5. Але, думаю, мы дазволім крыху разгрузіць гэтыя навучальныя ўстановы, дзе вучоба ідзе ў дзве змены.

Таксама свае прапановы выказала і кіраўніцтва аўтапарка №11 па аўтобусных зносінах новага мікрараёна. Папярэдне мяркуецца, што маршрут гарадскіх аўтобусаў пройдзе па вуліцы Пушкіна з паваротам на Інтэрнацыянальную.

— Сярод іншых набалелых праблем часта  называецца і недахоп грамадскіх прыбіральняў.
— Сярод іншых я рызыкну назваць гэту праблему самай вострай. Сёння ў Пружанах дзейнічаюць толькі тры прыбіральні: на аўтастанцыі, цэнтральным рынку і ў гарадскім парку. У цэнтры горада, дзе ў гандлёвых дамах і на міні-рынку «Салют» заўсёды шмат пакупнікоў, туалета цяпер наогул няма.
Гэтае пытанне вырашалася з уладальнікам гандлёвага дома «АСТ» І.А.Мартынюком, які павінен адрамантаваць  прыбіральню ў цэнтры. Акрамя таго, паралельна вядзецца гутарка і з уладальнікамі магазінаў на міні-рынку, каб са службовага туалета, які там дзейнічае, зрабіць грамадскі.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *