Аб тым, каб насельніцтва сельсавета павялічвалася, каб удосталь было тут работнікаў у гаспадарцы, клапоцяцца… Ліноўскія яслі-сад. Тут лічаць, што прафарыентацыяй патрэбна займацца з ранняга дзяцінства, каб малыя ведалі, адкуль малако бярэцца, з чаго выпякаецца хлеб і што “залатыя” яйкі бываюць толькі ў казках.
З нядаўняй пары тут рэалізоўваецца праект “Аграгарадок Лінова працай слаўны”. Яго мэта – пазнаёміць дзяцей з сельгасвытворчасцю і прывіць ім любоў да сельскай працы, пачаць рыхтаваць малых да дарослага жыцця. Работнікі садка стварылі макеты вядучых прадпрыемстваў сельсавета – Аранчыцкай птушкафабрыкі, збожжапрыёмнага прадпрыемства, малочнатаварнага комплексу.
Таксама тут “працуе” імправізаваны магазін, створана цэлая вуліца аграгарадка, у праекце – “будаўніцтва” амбулаторыі і школы. Спачатку надзвычай творчыя выхавальнікі садка расказваюць пра ўсё гэта дзецям даступнай мовай, а затым з дапамогай сюжэтна-ролевых гульняў знаёмяць з працай дарослых на “практыцы”.
Вось чаму ад гульнёвага аграгарадка малых проста не адцягнуць. Ужо зараз яны наперабой крычаць:
—Я буду кароў даіць!
— А я – хлеб пячы.
Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.