Четверг, 5 декабря 2024

В Кринице собрались выпускники Белолесоцкой школы всех годов

1 421

Адзіным днём сустрэчы выпускнікоў была некалі выбрана першая  субота лютага.  У гэты дзень з‘язджаюцца-сыходзяцца  былыя вучні ў сцены родных школ. Пратоптваюць сцежкі сярод сумётаў, хаваюць пад цёплымі паліто прыгожыя сукенкі і касцюмы, пад хусткамі і шапкамі — святочныя прычоскі. І хто такі разумны на самыя маразы ўрачыстую дату прызначыў, калі ўсім зразумела, што лепшы час для сустрэч — цёплыя і нават гарачыя летнія дзянькі?IMG_1761

Выпускнікі Белалясоцкай няпоўнай сярэдняй школы таксама вырашылі сустрэцца летам. Хаця, напэўна, выбару гэтаму пасадзейнічалі і іншыя абставіны: зімовыя сустрэчы наладжваюцца ў школах, а школа ў Белым Ляску год таму сваё існаванне спыніла. Месца сустрэчы з-за гэтага таксама давялося змяніць: наладзілі яе на пляцоўцы ў вёсцы Крыніца, балазе, і сцэна, і лаўкі, і альтанкі, устаноўленыя да мінулагодняга фестывалю грыбоў, захаваліся.

Перагортваю старонкі з любоўю аформленага альбома, што ляжыць на століку ля сцэны. Лічбы, прозвішчы, фотаздымкі, у якіх — уся гісторыя школы. А  побач — стэнд з групавымі фота выпускаў розных гадоў. Паціху вакол збіраюцца былыя вучні школы, пазнаюць і не пазнаюць сябе і сваіх сяброў у гэтых сур‘ёзных хлопчыках і дзяўчынках.IMG_1813

Традыцыйныя абдымкі, пацалункі, радасныя і здзіўленыя воклічы.  Фактычна, нават не ведаючы, што тут адбываецца, па гэтых рэпліках можна здагадацца: сустрэча з дзяцінствам і юнацтвам.

—Я Ганна Раманоўская, памятаеце? Вы ж мяне вучылі!

—А ты, здаецца, Наташа?

—Ой, якія мы тут маладзенькія і худзенькія!

—А хто гэта на фота?

—Гэтую дзяўчынку не памятаю, як завуць…

***

Успаміны, успаміны…

Сімвалічна, але Белалясоцкая школа праіснавала роўна 60 гадоў. 15 жніўня 1944 года, фактычна праз месяц пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Белым Ляску Шарашоўскага раёна была адкрыта пачатковая школа. Яна размясцілася ў будынку былога лясніцтва. Першым загадчыкам школы стаў Аляксандр Ануфрыевіч Рабчук, настаўніцай — В.А. Куркіна. Бацькі дапамаглі вырабіць школьную мэблю — парты трохмятровай даўжыні, на якіх сядзелі па чатыры чалавекі. Як успамінаюць вучні тых гадоў, адразу не было ні сшыткаў, ні падручнікаў. Пісалі на газетах, папяровых мяшках, кнігі збіралі па вяскоўцах: у каго што засталося. Тут вучыліся з першага па чацвёрты класы, а ў пяты  даводзілася хадзіць у Шарашова. Але ўжо ў 1949 годзе школа стала сямігодкай.

Паступова краіна залечвала ваенныя раны, і школьнае жыццё таксама наладжвалася.IMG_1680

З успамінаў С.А. Габца: «У 1954 годзе я пайшоў у першы клас. Маёй першай настаўніцай была Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч. Чулая, разумная, ветлівая, добрай душы чалавек»…

***

Былая настаўніца пачатковых класаў  Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч прыехала на сустрэчу адной з першых: вучні пастараліся, заехалі  за ёй. Успамінае, што аддала Белалясоцкай школе 48 гадоў жыцця.

—Маладзенькай дзяўчынай, яшчэ 20 гадоў не было, прыйшла сюды пасля заканчэння Пружанскага педвучылішча. Вось 15 жніўня 61 год таму будзе. Спачатку марыла: тры гады адпрацую, і ўсё, але праз год замуж выскачыла, так і засталася «абарыгенам».  Атрымала вышэйшую адукацыю, нарадзіла дваіх дачушак…

Хочацца, як звычайна, напісаць: нарадзіла і выхавала, але ў тым і справа, што выхавала настаўніца сотні  дзетак. Дагэтуль памятае калі не ўсе, то большасць імёнаў, цікавіцца іх жыццём.

***IMG_1757

Прысутныя ўшанавалі памяць першых дырэктараў і тых настаўнікаў, якія пайшлі з жыцця, мінутай маўчання. Успомнілі, што пасля А.А.Рабчука  дырэктарам школы стаў Раман Сафронавіч Каптур (1951-1953), які у далейшым перайшоў працаваць у Шарашоўскі дзіцячы дом, за ім прыйшоў  Аляксандр Антонавіч Цупрык (1953-1961).

Шмат зрабіў для школы Міхаіл Нікіфаравіч Разуванаў (1961-1977), ветэран Вялікай Айчыннай вайны, гісторык па спецыяльнасці. Дагэтуль яго ўспамінаюць добрым словам. Магчыма, яго прыклад і  сыграў рашаючую ролю ў выбары прафесіі Юрыя Дроня: ён таксама стаў педагогам, гісторыкам, цяпер працуе ў Параслянскай СШ.

—Заўсёды быў удзячны лёсу, што вучыўся ў Белалясоцкай школе, — кажа Юрый Мікалаевіч. — З яе выйшла шмат цудоўных людзей. І не важна, кім сталі яе выпускнікі. Важна не згубіць сябе і застацца чалавекам. Так казаў Міхаіл Нікіфаравіч Разуванаў, так і я кажу сваім вучням.

Дарэчы, шэраг вучняў школы не проста выбіралі прафесію педагога, але і вярталіся працаваць у родную школу.

Белы Лясок – зялёны садок.

Справа і злева сасновы барок,

Сумных бярозак стройны радок,

Белы Лясок –  казак куток. IMG_1800

Гэта радкі з верша Канстанціна Васільевіча Дроня, педагога-ветэрана, былога дырэктара школы ў Бела-азёрску, аўтара некалькіх паэтычных зборнікаў. Пуцёўку ў жыццё  Белалясоцкая школа дала яму  напачатку 1950-х.

А нядаўняя выпускніца Таццяна Раманюк сёлета стала чэмпіёнкай Еўропы па армрэстлінгу сярод юніёраў. Таксама падстава для гонару былых аднакласнікаў і аднавяскоўцаў.

***

Амаль кожны  падыходзіў да Наталлі  Іванаўны Валюшка:

—Дзякуй, Наташа, што сабрала нас.

Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч таксама не прамінула падзякаваць:

—Наталля Іванаўна  арганізавала нам такое свята, цэлы фестываль выпускнікоў. Гэта нічога, што старэем, шлях пройдзены вялікі, але ж хочацца жыць і хочацца сустракацца.IMG_1605 IMG_1610

Галоўны ініцыятар і арганізатар сустрэчы, стараста вёскі Крыніца ў сваю чаргу хваліць памочнікаў — маладых настаўнікаў, работнікаў Шарашоўскага цэнтра культуры і адпачынку, мясцовых аматараў самадзейнасці, уласнага мужа і  прызнаецца:

—Так хвалявалася, баялася, што ніхто не прыедзе, а паглядзіце, колькі сабралася людзей. Вось гэтыя з 1964 года выпуска, гэтыя ўжо з 80-х, а вось бабуля сядзіць, яна таксама з нашай школы.

Сапраўды, пажылая жанчына аказалася выпускніцай ажно 1950 года.

—Вось толькі маіх настаўнікаў ужо нікога няма, — кажа яна.

***

Педагогі-ветэраны, якія выйшлі на сцэну, не ўтойвалі сваіх эмоцый, радасці ад сустрэчы.

Былая настаўніца біялогіі і хіміі Вера Паўлаўна Пстыга ўзгадвала:

— 37 гадоў у Белалясоцкай школе я заходзіла ў клас са словамі: «Добры дзень, дзеці!»  Прывітанне і зараз усім, хто сабраўся. Ёсць нехта з выпуску 1964 года? Гэта мае першыя выпускнікі. Я прыехала на працу ў 1963-м, і яны былі ўсяго на 5-6 гадоў маладзейшымі за мяне…

Валянціна Георгіеўна Жабрун у школе працавала  з 1986-га. Многія запомнілі яе эмацыянальныя, яркія ўрокі, дзякуючы ёй  захавалі павагу да роднай мовы.

Географ Кацярына Сцяпанаўна Хайко ўспамінае:

—Многага не даставала ў  школе, калі прыйшла сюды, ніхто і не марыў пра сённяшнія магчымасці, але нашы дзеці заўсёды атрымлівалі глыбокія, трывалыя веды. Вучняў у класах было шмат, не хапала месца для агульных мерапрыемстваў, таму святы праводзілі ў клубе. Нашы дзеці раслі сумленнымі і працавітымі людзьмі і расцілі потым такіх жа працавітых і добрых сваіх дзяцей…IMG_1741

Настаўніца замежнай мовы Лілія Віктараўна Галайша — апошні дырэктар школы. Яна, як і іншыя педагогі,  шкадуе, што вёска апусцела і асірацеў школьны будынак, радуецца, што былыя вучні — якую б  прафесію ні выбралі ў далейшым жыцці —  не забылі пратаптаную да школы «сцяжынку першую сваю»,  родную пушчанскую вёсачку.

***

Сустрэча працягвалася. Гучалі пранікнёныя песні пра школу, сяброў і настаўнікаў, дзяцінства, каханне, пра вяртанне «под крышу дома своего». «Цяплом  сэрцаў» запальвалі  свечкі — сімвалы дзяцінства і юнацтва, маладосці і сталасці, мудрасці і сяброўства, успаміналі  моманты школьнага жыцця. З галавой акуналіся ў вір яркіх пачуццяў. Пажылыя людзі на вачах маладзелі, нібы і не было пражытых гадоў. Многія з‘ехаліся цэлымі сем‘ямі, і дзіцячая гамонка навокал была не горшай, чым на школьнай пераменцы.

Хто сказаў, што школы больш няма? Пакуль яе выпускнікі імкнуцца сустракацца, пакуль існуе гэтая шчырая радасць ад  зносін з аднакласнікамі, настаўнікамі, вучнямі, са сваім дзяцінствам і юнацтвам, Белалясоцкая школа будзе жыць.

На здымках:  1. Запальваюцца свечкі… 2. «А памятаеце, як мы снегавіка на веласіпед пасадзілі?» 3. Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч: «Вось такая я была». 4. Для сяброў і настаўнікаў спявае Ю.М.Дронь. 5. На ганаровых месцах — былыя настаўнікі.

Ірына Сядова.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *