У вёсцы Залессе прайшло традыцыйнае мерапрыемства «Начныя жыхары ляСОў», якое арганізатавалі НП «Белавежская пушча», абласное аддзяленне ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і аднайменная аграэкасядзіба. На ўсе лады тут абыгрывалася «савіная тэматыка», якая аказалася актуальнай не толькі для арнітолагаў, але і для мастакоў і музыкантаў.
Удзел прынялі студэнты, школьнікі і проста аматары прыроды з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы — усяго амаль 40 чалавек. Тут можна было атрымаць веды пра будоўлю штучных гнездаванняў для соў. У ходзе майстар-класу новае аблічча набыла адна з вясковых хат: сцяна была размалёвана совамі. Акрамя таго, былі адрамантаваны тры штучныя гнездавыя платформы для барадатай няясыці.
Асаблівая ўвага надавалася кальцаванню птушак, якое дазваляе прасачыць, куды ляцяць падчас міграцый пярнатыя вандроўнікі і як доўга яны жывуць. Менавіта дзякуючы кальцаванню ўдалося ўстанавіць, што доўгажыхар сярод соў — філін. Між іншым, інфармацыю пра знойдзеную акальцованую птушку трэба паведамляць у Беларускі цэнтр кальцавання птушак.
Марына Вакульская.