Цяпер, напэўна, многія нявесты ведаюць пра кожны свой крок падчас рэгістрацыі шлюбу: з якога боку стаць ад жаніха, як трымаць кветкі, каб атрымалася прыгожа на фота, як кружыцца ў першым сямейным вальсе, каб мілы не наступаў на шыкоўную вясельную сукенку… Зараз, аказваецца, гэтаму вучаць.
Вось чаму на чарговым пасяджэнні клуба маладой сям’і, які дзейнічае пры аддзеле ЗАГС, было шматлюдна. Будучыя маладажоны прыйшлі на Шырмы, 13, каб даведацца пра ўсе тонкасці цырымоніі заключэння шлюбу.
Трэба аддаць належнае арганізатарам – супрацоўнікам аддзела ЗАГС і райкама БРСМ: усё прадумалі дасканала. Начальнік аддзела ЗАГС Алена Хамюк расказала і паказала, як паводзіць сябе маладажонам на галоўнай урачыстасці ў іх сямейным жыцці. А запрошаныя на мерапрыемства госці далі шмат карыснай інфармацыі з нагоды арганізацыі вяселля.
Так, ці не самая вядомая ў горадзе тамада Алена Лосева расказала аб асаблівасцях правядзення ўрачыстасці, каб вяселле атрымалася сапраўды вясёлым і незабыўным. Прафесіяналы сваёй справы Святлана Кубай і Сяргей Кавальчук, якія займаюцца фота-і відэаздымкай, дзяліліся з прысутнымі сакрэтамі рамяства, як адлюстраваць самыя дарагія сэрцу моманты. Пра абавязковае ўпрыгожванне вяселляў – кветкі паведаміла фларыст Іна Кірбуць, кветкамі якой гандлююць на першым паверсе ўнівермага. Псіхолаг Ірына Казбяровіч дала парады маладым парам. Візажыст Маша Чапрасава прадэманстравала сваё ўменне на будучай нявесце, з дапамогай касметыкі прыемна змяніўшы аблічча дзяўчыны. А кіраўнік студыі моды “Папараць-кветка” В.М.Лапука разам з удзельніцамі студыі паказалі як, незабыўна могуць упрыгожыць любую рэгістрацыю элементамі тэатралізаванага прадстаўлення. Дарэчы, па індывідуальным сцэнарыі могуць зарэгістраваць шлюб і ў аддзеле ЗАГС. Было б, як кажуць, жаданне.
Але наколькі ўся прагучаўшая інфармацыя была карыснай для будучых маладажонаў? Усе з апытаных з захапленнем давалі толькі станоўчыя адказы.
… Ва ўсіх маладажонаў свае гісторыі кахання і свае планы на вяселле і будучае жыццё. Аднак не важна: па інтэрнэту ці па-суседску гэтыя закаханыя пазнаёміліся, на якім лімузіне паехалі з ЗАГСа, народзяць адно дзіцятка ці шмат малых. Галоўнае – каб гэтае вяселле было ў іх жыцці адзіным!
Галіна Каляда.