15 сакавіка, калі наша краіна адзначае Дзень Канстытуцыі, многія 16-гадовыя юнакі і дзяўчаты Пружаншчыны традыцыйна атрымалі свае першыя пашпарты. Адметна, што настолькі ўрачыста, як сёлета, гэтае свята, напэўна, адзначалася ўпершыню. Але таму было нямала падстаў…
У прасторнай зале Палаца культуры сабраліся прадстаўнікі маладога пакалення і грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і заслужаныя людзі раёна, былі запрошаны ганаровыя госці. Права адкрыць урачыстую цырымонію атрымаў намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец.
— Канстытуцыя — Асноўны Закон нашай дзяржавы, які выказвае волю і імкненне беларускага народа да суверэнітэту, сацыяльнай справяд-лівасці, дазваляе ўпэўнена рухацца наперад, — адзначыў у сваёй прамове Мікалай Пятровіч. — У гэтым дакуменце адлюстроўваецца менталітэт народа, ён з’яўляецца люстэркам жыцця краіны і мяняецца ў адпаведнасці з развіццём грамадства.
Добрай традыцыяй стала правядзенне ў гэты дзень акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі»: вось ужо дзявяты год у Дзень Канстытуцыі па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя сустрэчы з моладдзю, падчас якіх юным беларусам уручаюцца пашпарты. Лепшыя школьнікі раёна: пераможцы алімпіяд, спартсмены, актывісты БРСМ, члены каманд КВЗ, удзельнікі дабрачынных акцый, аўтары даследчых работ, — усяго 17 чалавек атрымалі свой першы і галоўны дакумент з рук намесніка старшыні райвыканкама М.П.Кудраўца і Ганаровага грамадзяніна Пружанскага раёна В.С.Лук’янчука.
Юбілейным 2012 год з’яўляецца для БРСМ: сёлета спаўняецца дзесяць гадоў з моманту заснавання гэтага грамадскага аб’яднання. Пружанская раённая арганізацыя налічвае ў сваіх радах больш 2000 актыўных маладых людзей. А 15 сакавіка да іх далучылася яшчэ амаль чатыры дзясяткі юнакоў і дзяўчат. Уручалі членскія білеты самым дастойным прадстаўнікам моладзі ветэран Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумаў, старшыня раённага савета ветэранаў М.Я.Дулько і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Т.А.Дзядзюн.
Са словам у адказ ад імя моладзі выступіла вучаніца Ліноўскай СШ Анастасія Мяцечка, якая адзначыла, што з непадробным гонарам прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты ў рэспубліканскай акцыі. Яе аднагодкі разумеюць, што быць грамадзянінам сваёй краіны — вялікая адказнасць.
Акрамя таго, 39 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўрачыстай абстаноўцы далі клятву піянераў пры ўступленні ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, якая, між іншым, сёлета таксама адзначае юбілей — 90-годдзе з дня ўтварэння.
Сёння ва ўсіх школах раёна створаны кабінеты для работы маладзёжных аб’яднанняў. Сёлета ўпершыню быў праведзены конкурс на лепшы з іх. Падвядзенне яго вынікаў таксама прымеркавалі да мерапрыемства. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама В.І.Матвіенка павіншаваў пераможцаў конкурсу — педагогаў-арганізатараў А.В.Купцэвіч (гімназія), А.М.Пакала (СШ №5), С.В.Кавалевіч (Ліноўская СШ) і А.Г.Каляду (Шаняўская СШ). Яны атрымалі граматы і памятныя падарункі.
Безумоўна, не менш кульмінацыйным стаў момант узнагароджання вучня гімназіі, саліста вакальнага гурта «Раднічкі» і проста таленавітага хлопчыка Набіля Зарука. Вось ужо некалькі пятніц запар па вечарах пружанцы заміраюць каля экранаў тэлевізараў і з цікавасцю сочаць за падзеямі, якія адбываюцца на праекце тэлеканала АНТ «Я пяю!», удзельнікам якога стаў хлопчык. Пружанскую публіку Набіль парадаваў адной з песень, з якой выступаў на праекце.
За дасягнутыя поспехі аддзел культуры райвыканкама вырашыў узнагародзіць Набіля Зарука каштоўным падарункам. Адзначылі заслугі юнага спевака і іншыя арганізацыі раёна.
У нас створаны ўсе ўмовы для развіцця творчых здольнасцей хлопцаў і дзяўчат. І падчас мерапрыемства, прысвечанага Дню Канстытуцыі, гледачы яшчэ раз маглі ўпэўніцца, наколькі таленавітая на Пружаншчыне моладзь.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ
На здымку: маладыя грамадзяне Беларусі.
Фота Аляксандра МЕЛЕША.