Четверг, 16 января 2025

«В горящую избу войдёт…» Сотрудницы сельисполкома спасли бабушку

1 260

Некалькі хвілін з жыцця старшыні сельвыканкама

Здаецца, існуе вялікая колькасць парад і розных кніжак, якія вучаць, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях. Аднак можна прачытаць тоны адпаведнай літаратуры, і ўсё роўна адна палова нас у крытычную мінуту проста ўпадзе ў ступар, а другая будзе без сэнсу мітусіцца і галасіць. І толькі адзінкі здольныя на тое, што потым называюць калі не подзвігам, то дастойным учынкам.IMG_7245

Ці адносіць сябе да апошніх старшыня Мокраўскага сельвыканкама С.М.Ханавец, якая нядаўна выратавала бабульку з агню? Як яна сама сцвярджае, гэта была звычайная неабходнасць.

— Мы аб’язджалі населеныя пункты сельсавета і на пад’ездзе да вёскі Краснае заўважылі дым, не падобны на дым з коміна,— успамінае той дзень Святлана Мікалаеўна.— Падумалі, што гаспадыня наладзіла вогнішча на двары, але, калі пад’ехалі бліжэй, то ўбачылі, што дыміць з-пад страхі.

Як потым нам расказала гаспадыня гэтай хаты В.Р.Ванека, ранкам яна пачула нейкі трэск, пасля чаго прапала электрычнасць. Жанчына патэлефанавала да суседа з просьбай зайсці і глянуць, у чым бяда. А ў гэты час іскры ад кароткага замыкання падпалілі дах, і дом стаў павольна напаўняцца дымам, які і заўважылі пад’язджаючыя работнікі сельвыканкама і сусед Іосіф Антонавіч Сахарэвіч.

Людзі адразу кінуліся да дзвярэй і расчынілі іх, і гэта памылка ледзь не каштавала ім жыцця. Ціхае гарэнне поўнасцю знішчыла кісларод у сенцах, і, калі паступіла свежае паветра, адразу шухнуў, нібы выбухнуў, агонь. Ратавальнікі паляцелі на зямлю. І хаця абышлося без траўм, як гаворыць С.М.Ханавец, яна потым два дні не магла прыйсці ў сябе з-за таго, што ўдыхнула чаду.

Не лягчэй у той момант было і Вользе Рыгораўне: з-за дыму жанчына губляла прытомнасць. Апусцілася на калені і пачула, як у адным з пакояў грукнула шыба.

— За якую мінуту палова хаты была ахоплена агнём, і я стаў прабівацца праз акно з другога боку,— успамінае сусед І.А.Сахарэвіч.— Спадзяюся, што гаспадыня не будзе на мяне злаваць за паламаную раму.

Наадварот, пры сустрэчы выратаваная В.Р.Ванека (цяпер яна жыве ў сына ў Мокрым) папрасіла перадаць словы ўдзячнасці сваім ратавальнікам, пажадання ім моцнага здароўя і тое, што яна будзе да скону жыцця прасіць Бога, каб ён адводзіў ад іх усялякія беды і трывогі.

Іосіф Антонавіч выбіў шыбіну, але за ёй была яшчэ адна рама, якая па-вясковаму мацуецца знутры цвікамі.

— Я ўзяла нейкую дошку, з дапамогай якой проста выціснула тую шыбіну,— расказвае Святлана Мікалаеўна.— Дапамагала мне наш кіраўнік спраў Вольга Уладзіміраўна Пракаповіч, якая папярэдне выклікала пажарных.

— Здавалася, што мінулі гадзіны, пакуль мы дасталі пацярпелую з агню, таму нават злаваліся, чаму доўга няма пажарных,— зараз смяецца С.М.Ханавец.— Але калі паглядзелі на гадзіннік, аказалася, усяго некалькі мінут нам хапіла, і адразу за справу ўзяліся прафесіяналы.

Агонь амаль поўнасцю ахапіў дом і паспеў нанесці вялікую шкоду, таму пажарныя потым дзівіліся, як ніхто з людзей не пацярпеў. А сама Святлана Мікалаеўна ў багажнік службовай машыны цяпер кладзе і манціроўку, і сякерку. На ўсялякі пажарны выпадак…

НА ЗДЫМКУ:

старшыня сельвыканкама С.М.Ханавец (справа) і кіраўнік спраў В.У.Пракаповіч.

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *