Памятаеце, як хораша ў дзяцінстве было круціць перад вокам калейдаскоп? Як яркія шклінкі мітусіліся ў кардоннай трубачцы і нейкім неймаверна чароўным чынам спляталіся ў мудрагелістыя сняжынкі і зоркі. Як здавалася, што танная дзіцячая цацка змяшчае ў сябе сотні, тысячы каштоўных камянёў (адкуль інакш такое багацце ўзораў?).
Але якое расчараванне чакала таго, хто не ўтрымаўся і свой калейдаскоп разабраў “па запчастках”! Паміж кардонак і люстэркаў ляжала толькі адна каляровая сэрцавінка: некалькі шкляных крышталікаў. Гэта яны, шматразова адбіваючыся ў люстраной прызме, складалі незлічоныя россыпы зорак…
Дзіцячы калейдаскоп успомніўся мне, калі надышлі чарговыя калядна-навагоднія святы. Колькі зараз іх адзначаем па розных стылях, згодна з рознымі веравызнаннямі, – з ліку саб‘ешся. І ўсе прыгожыя, яскравыя, кранальныя. Нават стары Новы год, штучна створаны пасля 1918 года, удала ўпісаўся ў агульны цыкл. Але зазірні глыбей – і ў аснове сузор‘я святаў убачыш адну адзіную Віфлеемскую зорку, якая промнем сваім указала на галоўную ўрачыстаць, на падзею, якая два тысячагоддзі таму змяніла свет.
Мне здаецца, найлепш пра гэта сказаў Барыс Пастарнак (а пераклаў Рыгор Барадулін):
“І дзіўнай праявай
наступнай пары
Ўсё тое ўставала,
што потым настала.
Ўсе думкі вякоў,
навасвецця муры,
Наступнасць усіх галерэй
і музеяў,
Свавольствы ўсіх феяў,
адчай чарадзеяў,
На свеце ўсе елкі,
ўсе сны дзетвары.
Усё пазапальваных свечак
дасвецце,
Усё хараство колернай
мішуры…
…Са стэпу дзьмуў вецер,
нібы з апрамецця…
…Ўсе яблыкі,
ўсе залатыя шары”.
Па якім стылі мы ні адзначаем сёння калядны цыкл, святочныя дні напаўняюць душу святлом і радасцю. Я не вельмі веру таму, хто сцвярджае, што ёлку ён упрыгожвае “для дзяцей і ўнукаў”, хто едзе з сям‘ёй на сядзібу Дзеда Мароза, “каб малыя парадаваліся”. Мы самі з задавальненнем акунаемся ў казку і “дзіцянеем” у добрым сэнсе гэтага слова. З замілаваннем успамінаем сімвалы свайго дзяцінства – шарыкі і званочкі, якімі некалі ўпрыгожвала ёлку для нас мама, паштоўкі з прыгожымі малюнкамі, якімі віншавалі адзін аднаго ў школе…
А ў мінулыя выхадныя я ўбачыла “матэрыяльнае” ўвасабленне такіх успамінаў.
На стэндах, зробленых у памяшканні нядзельнай школы Пружанскага Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, размясцілася больш за тысячу тэматычных паштовак з калекцыі настаяцеля айца Міхаіла Носкі. Ды па іх гісторыю вывучаць можна! Старажытныя Калядныя – расійскія і перадваенныя польскія з надпісам “Вясёлых свят”, замежныя – нямецкія і французскія… Больш за ўсё паштовак эпохі СССР, навагодніх, зразумела: і класічных з ёлкамі і шарыкамі, і з мульцяшнымі героямі, і ідэалагічна правільных з Крамлём, касманаўтамі і нават Дзедам Марозам – будаўніком БАМа. А вось і атэістычнага савецкага часу з Нараджэннем Хрыстовым – самаробныя чорна-белыя, на фотапаперы.
На асобных стэндах — сучасныя, яны вылучаюцца добрай паліграфіяй, яркія, прыгожыя, але… вось такую паштоўку на шурпатай паперы са смешным зайцам я некалі атрымала ад бабулі. Гляджу на яе – і цёпла на душы.
У шафах-вітрынах па кутках – іншая калекцыя: ёлачныя цацкі, напэўна, з усіх пасляваенных дзесяцігоддзяў. 1950-я, 60-я, 70-я… З ваты, цэлулоіду, шкла. І Дзяды Марозы са Снягуркамі некалькіх эпох.
Прыхаджане сабора напярэдадні святаў актыўна дапамагалі святарам збіраць экспанаты незвычайнай выставы.
—У нас ужо былі некалькі дзіцячых экскурсій, — расказвае айцец Міхаіл. – Малыя наведвальнікі засталіся ў захапленні. Ды і дарослым, думаю, цікавая наша экспазіцыя. Так што запрашаем усіх, хто прагне добрых калядных уражанняў.
А па ўражанні ў гэтыя святочныя дні спяшаюцца ўсе. Ранішнікаў, маскарадаў і дыскатэк у раёне не злічыць: іх ладзяць кожная школа, садок, Дом культуры. Мерапрыемствы духоўнай тэматыкі праводзяцца пры нядзельных школах. Шматлікія дабрачынныя акцыі ставяць сваёй мэтай не абысці ўвагай ніводнае дзіця. Мы так прызвычаіліся да багацця цукерак, падарункаў, дзіцячых эмоцый, што лічым, нібыта па-іншаму і быць не можа.
Але мне хочацца ўзгадаць, з чаго ўсё пачыналася. Пра тыя часы, калі песня ўсіх пакаленняў «В лесу родилась ёлочка» яшчэ толькі нараджалася на свет (яе з‘яўленне датуюць 1903-1905 годам). Гісторыя, якую раскажу, называецца
Першая ёлка
ў вясковай школцы.
30 снежня 1903 года ў царкоўна-прыходскай школцы вёскі Якавічы Пружанскага павета ўпершыню за ўвесь час яе існавання была наладжана Калядная ёлка. На той час тут займаліся 110 вучняў. Сродкі на правядзенне свята па хадайніцтве загадчыка школы айца Канстанціна Пілінкевіча былі выдзелены Пружанскім павятовым камітэтам цвярозасці. Так-так, аналагі таварыстваў цвярозасці “перабудовачнага” часу існавалі і на рубяжы 19-20 стагоддзяў. І былі яны далёка не фармальнымі структурамі.
Арганізацыяй свята займаўся настаўнік школы Нестар Дзмітрук. Актыўны і старанны, ён не толькі дбаў аб навучанні мясцовых дзяцей, але і імкнуўся несці святло ведаў іх бацькам. У свой вольны час, па выхадных і святочных днях настаўнік наладжваў у школе народныя чытанні. Знайшоўся яшчэ адзін добры чалавек: настаўнік трохкласнага гарадскога вучылішча Іван Трафімавіч Траццяк, які толькі нядаўна пераехаў з Ваўкавыска, дзе выкладаў у павятовым вучылішчы. Ён разам з сям‘ёй айца Канстанціна прымаў удзел у падрыхтоўцы мерапрыемства і нават аказаў нейкую матэрыяльную дапамогу.
У выніку свята даставіла шмат задавальнення ўсім прысутным. Дзякуючы ўсё таму ж папячыцельству цвярозасці, у школу прывезлі нябачаную дагэтуль сялянамі навінку: грамафон з пласцінкамі. Пад урачыстыя гукі марша дзеці ўвайшлі ў класны пакой, дзе стаяла прыгожа ўбраная ёлка, ярка ззялі агеньчыкі свечак.
У праграме былі адпаведныя святу духоўныя спевы і народныя песні, чытанне апавяданняў і вершаў. Слухалі грамафонныя запісы. А напрыканцы школьнікам раздалі клуначкі з ласункамі.
Дзеці, якія ніколі падобнага не бачылі, былі ў захапленні. Ды і для іх бацькоў і родных такое свята было ў навінку (на жаль, не ўсім знайшлося месца ў класе: проста не змясцілася сюды столькі народу).
Ірына СЯДОВА. Фота аўтара.