Хто калі з Вялікага Сяла мог падумаць, што амаль у цэнтры вёскі, ля вясковай сажалкі з зялёнай вадой, дзе шапочуць векавыя дрэвы, пройдзе пленэр мастакоў-перадвіжнікаў? Мяркуючы ж па публіцы – з розных гарадоў Расіі, Узбекістана і Беларусі, так і хочацца дадаць – міжнародны.
Пленэр прымеркаваны не толькі да 140-ой гадавіны з дня нараджэння вядомага мастака Станіслава Жукоўскага, у карцінах якога праглядаюцца і мясцовыя пейзажы, але і да адкрыцця сядзібы “Жураўлінае”, на базе якой ён і праходзіць.
Гаспадары сядзібы Святлана і Іосіф Машкалы гавораць, што ў вёсцы па прадметах даўніны магчыма не толькі ўгледзець старажытны побыт беларусаў, але і адчуць той колішні дух. Вось, відаць, чаму, як пераканаліся мы падчас прыезду ў гэтую вёску, мастакоў цікавілі і старэнькія вясковыя хаткі, і бабулькі ў хустачках на прызбах, і нават свойскія качкі і каровы, якіх заганялі на свае падворкі ўвішныя гаспадары. Усё гэта мастакі імкнуліся адлюстраваць у сваіх карцінах. Многія з іх, хто ўжо дастаткова паездзіў па свеце, зазначалі, што ў Беларусі гэта першы падобны пленэр, і тут жа дзяліліся ўражаннямі:
—Тут, у Вялікім Сяле, мы сустрэліся з неверагоднай гасціннасцю. Людзі вельмі ветлівыя, добразычлівыя, мы быццам трапілі ў родную сям’ю, толькі надзвычай вялікую. Пра чыстае паветра, цішыню, напоўненую спевамі птушак, і чысціню – куды вокам не кінь, і казаць не даводзіцца. Як тут можна не тварыць?
Варта адзначыць, што мясцовы каларыт паспрыяў не толькі мастацкай, але і паэтычнай творчасці замежных гасцей. Некаторыя з іх так плённа тварылі, што напісалі дзясяткі карцін, знайшліся і складальнікі вершаў. Магчыма, паўплывала на гэта і атмасфера сядзібы, якую Машкалы вытрымалі ў аўтэнтычнасці, не сапсаваўшы модным рамонтам. А таксама прырода. Векавымі дубамі і ліпамі, якія захаваліся побач, замілоўваліся не толькі расіяне. Нават беларуска Вікторыя намалявала гэтыя велічныя дрэвы, сцвярджаючы, што ў сябе на Віцебшчыне такой раскошы не бачыла.
У любым выпадку наша самабытная спадчына, якая яшчэ захавалася ў некаторых вёсках, цяпер будзе жыць і ў творах мастакоў. І, мяркуючы па водгуках удзельнікаў пленэра, знойдзе сваё адлюстраванне і ў будучым.
Галіна Каляда, фота аўтара.