Для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 153 заяўкі ад суб’ектаў прадпрымальніцтва ўсіх рэгіёнаў вобласці. Удзельнікі конкурсу – гэта зарэгістраваныя на Брэстчыне камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія дасягнулі высокіх фінансавых і эканамічных паказчыкаў.
Конкурс праводзіўся па 18 намінацыях, якія ўключаюць не толькі вытворчыя накірункі і сферу абслугоўвання, але і стварэнне новых рабочых месцаў, мецэнацкую падтрымку. Аб тым, што можа сёння прапрымальніцтва рэгіёна, яскрава сведчыла арганізаваная ў фае аблвыканкама выстава прадукцыі (на здымку).
Як адзначыў, адкрываючы цырымонію ўшанавання лепшых прадпрымальнікаў, першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук, на Брэстчыне сёння дзейнічаюць каля 10 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў, больш 35 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. У сферы малога і сярэдняга бізнэсу занята 30 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых у эканоміцы вобласці, іх уклад у агульным аб’ёме падатковых паступленняў склаў летась 29,6%.
У кожнай намінацыі вызначаліся абсалютныя пераможцы і лаўрэаты конкурсу. Сярод тых, хто атрымаў статуэткі і дыпломы, ёсць таксама і прадстаўнікі нашага раёна. Лепшым у сферы рознічнага гандлю прызнана таварыства з абмежаванай адказнасцю “СтройДомГрупп” (г.Пружаны), якое ўзначальвае дырэктар Андрэй Пятровіч Лахніцкі.
Лаўрэатамі конкурсу сталі: у намінацыі “Лепшы прадпрымальнік у сферы будаўнічай дзейнасці” – дырэктар ТАА “АрыёнБуд” (г.Пружаны) Мікалай Яўгенавіч Грынюк, у намінацыі “Лепшы прадпрымальнік – арганізацыя з замежнымі інвестыцыямі” – сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Адоб-Агра” (дырэктар Аляксандр Мечыслававіч Козел).
Падчас мерапрыемства ўзнагароды былі ўручаны і прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, якія асвятлялі прапрымальніцкую дзейнасць. Пераможцам сярод калектываў гарадскіх і раённых СМІ прызнана рэдакцыя газеты “Раённыя будні”.
Мікола Антонаў, Аляксандр Мелеш (фота).
На здымку: дырэктар СТАА “Адоб-Агра” А.М.Козел, галоўны бухгалтар ТАА “Стройдомгрупп” Кунда Т.М., дырэктар ТАА ”АрыёнБуд” М.Я. Грынюк і галоўны рэдактар газеты “Раённыя будні” М.Д.Антаноўскі з узнагародамі конкурсу.
