У верасні бягучага года Міністэрства аховы здароўя выдала пастанову №66, якая карэнным чынам змяніла звыклы для людзей працэс работы аптэчных устаноў краіны. У прыватнасці, значна пашырыўся спіс лекавых сродкаў, якія не адпускаюцца ў аптэках без рэцэпта ўрача. І галоўнае, што выклікала грамадскі рэзананс, — цяпер, зрабіўшы пакупку, рэцэпт, які дагэтуль з’яўляўся дакументам пераважна шматразовым, даводзіцца аддаваць правізару, а ў выпадку паўторнай неабходнасці — ісці па новы. Каб зняць напружанне ў грамадстве, абласное ўпраўленне аховы здароўя арганізавала прэс-канферэнцыю, падчас якой на пытанні журналістаў Брэстчыны адказалі начальнік упраўлення С.У.Крапівіна, гендырэктар РУП «Фармацыя» В.А.Гніцій, а таксама шэраг іншых прадстаўнікоў медыцынскай галіны.
Перш чым адказваць на пытанні журналістаў, Святлана Уладзіміраўна ўдакладніла, што пытанне выпіскі рэцэптаў актуальна не толькі для пацыентаў, але і медыкаў. Розніца толькі ў тым, пад якім вуглом глядзяць на яго абодва бакі. С.У.Крапівіна падзялілася медыцынскім пунктам гледжання:
— З аднаго боку лекі — гэта дабро, з іншага — атрута, якая праяўляецца ў выглядзе алергіі. Таму сёння рэцэпт — інструмент матывацыі, з дапамогай якога чалавека можна прымусіць звярнуцца па кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.
І тут паўстае заканамернае пытанне: ці не павялічыць гэты «інструмент» чэргі ў паліклініках? Галоўныя ўрачы медустаноў Брэста, якія прысутнічалі на прэс-канферэнцыі, у адзін голас запэўніваюць: «Не!». Больш таго, як наракала загадчыца абласнога кардыялагічнага дыспансера Н.Ф.Пабіванцава, беларусы абыякава ставяцца да свайго здароўя і недастаткова часта правяраюць яго ва ўрачоў. Разам з тым і праведзены маніторынг пакуль не пацвярджае здагадкі наконт магчымага ажыятажу з-за новаўвядзенняў у парадку выдачы рэцэптаў на лекавыя сродкі. Акрамя таго, для недапушчэння стварэння чэргаў у многіх паліклініках, як, напрыклад, у Пружанскай, абавязак выпісваць рэцэпты ўсклалі на памочніка ўрача. Праўда, варта зазначыць, гэты медработнік мае права выдаваць рэцэпт толькі на той лекавы сродак, які пацыенту выпісваў урач раней, згодна з запісам у медыцынскай карце хворага. А вось у выпадках, калі па нейкай прычыне пацыенту неабходна замяніць лякарства на іншае, трэба браць талон да ўрача. У выніку на перыферыі, дзе ніяк не справяцца з недахопам вузкіх спецыялістаў, было і без таго праблематычна трапіць на прыём да ўрача, а цяпер дык наогул складана.
І ўсё-такі вернемся да пытання пра чэргі. Дапусцім, ва ўстановах сапраўды выпрацоўваецца і ўдасканальваецца пэўны алгарытм работы, які дазваляе не ствараць ажыятаж у паліклініках. Усё роўна застаецца незразумелым, навошта матывіраваць пацыентаў лішні раз звярнуцца да ўрача, калі наплыў у медустановы і без таго празмерны. Пра гэта гаварылі на вышэйшым узроўні літаральна год таму. Нават прыводзіліся лічбы: у сярэднім за год на аднаго беларуса прыходзіцца каля 13 наведванняў паліклінікі, што ўдвая больш, чым у еўрапейскіх краінах, і кожнае наведванне каштуе дзяржаве немалых грошай. Каб адбіць ахвоту лішні раз наведвацца да ўрача, нават выказвалася прапанова зрабіць наведванне паліклінікі платным.
Дарэчы, пра Еўропу. Менавіта вопыт краін гэтай часткі свету прыводзіўся на прэс-канферэнцыі ў прыклад. «Там правілы продажу лекаў больш жорсткія, — канстатаваў кіраўнік РУП «Фармацыя» В.А.Гніцій. — Мяркуйце самі: з уступленнем у сілу новых правілаў у нас каля 50% сродкаў па-ранейшаму прадаецца без рэцэптаў, у той час калі ў еўрапейцаў падобная магчымасць распаўсюджваецца ўсяго толькі на 10% лекаў».
Журналісты выказалі і свае здагадкі наконт таго, што беларусаў такім чынам спрабуюць перавесці на айчынныя лекі, абмежаваўшы доступнасць імпартных. Але сумненні адразу ж развеялі. Святлана Уладзіміраўна зазначыла: «Выпісваючы рэцэпт, доктар піша толькі міжнародную непатэнтаваную назву сродка. І памылкова лічыць, што ў спіс рэцэптурных сродкаў трапілі толькі замежныя: раздзяленне рабілася толькі зыходзячы з наяўнасці і колькасці пабочных эфектаў лекаў». І хаця ў пацыента застаўся выбар: купляць лекі імпартныя ці айчынныя, — Вячаслаў Анатольевіч прызнаўся, што існуе зацікаўленасць беларускіх вытворцаў прадаваць у першую чаргу сваю прадукцыю. «Імпартазамяшчэннем займаюцца ўсе краіны. У Беларусі выпрацоўваюць каля 1350 найменняў з прыкладна 5000 лекавых сродкаў. І нашы лекі нічым не саступаюць еўрапейскім аналагам: яны вырабляюцца з адных і тых жа фармацэўтычных субстанцый, якія мы набываем, як і астатнія сусветныя вытворцы, у Індыі і Кітаі. Абсталяванне і тэхналогіі ва ўсіх прыкладна аднолькавыя».
Аказалася, што галоўныя ўрачы медустаноў абласнога цэнтра цалкам падтрымліваюць ініцыятыву і ніколькі не хвалююцца з-за верагоднасці наплыву пацыентаў. Галоўны ўрач гарадской бальніцы №1 Э.В.Бабіч прызнаўся: «Так, колькасць наведвальнікаў вырасла ў шэсць разоў: калі дагэтуль за месяц выдаткоўвалася прыкладна 500 рэцэптурных бланкаў, дык цяпер гэтая лічба дасягае 3000. Затое максімальна лібералізаваўся сам працэс выпіскі рэцэпта: сёння замест лацінскай мовы медыкі могуць карыстацца рускай ці беларускай, дапускаюцца скарачэнні, — і ў выніку выпіска займае каля 15-20 секунд».
Акрамя таго, перад медыкамі ўздымаўся шэраг іншых пытанняў. Так, прадстаўнікоў СМІ цікавіла, чаму ў нас не рэкламуюцца айчынныя лекі, чаму беларусы, як паказвае статыстыка, значна раней становяцца «лекавазалежнымі» і г.д. Вядома, у чымсьці меркаванні разышліся, але адзінадушнымі ўсе засталіся ў тым, што ў любым выпадку лекі павінны назначацца ўрачом, а не суседкай на лавачцы.
Марына Вакульская.