Бягучы год стане адметным па колькасці змяненняў у гандлёвым абслугоўванні насельніцтва. І гэта тычыцца не толькі кааператыўнай сістэмы, па- іншаму давядзецца працаваць і прыватным магазінам. Зрабіць некаторыя прагнозы мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама В.М.Зубко.
— У сферы гандлю павінны пастаянна адбывацца змены, а ў дачыненні да нашага раёна я сказаў бы, што яны даўно наспелі,— падкрэслівае Вячаслаў Мікалаевіч. — Справа ў тым, што даўно існуюць папрокі з боку жыхароў Пружаншчыны наконт таго, што у нашым раённым гандлі, кааператыўным і прыватным, складана зрабіць патрэбныя пакупкі. Па прамысловыя тавары і будаўнічыя матэрыялы пружанцы едуць у Брэст ці Кобрын, рынак пераважна наведваюць Бярозаўскі і гэтак далей. З аднаго боку здаецца, што ў нас хапае магазінаў рознага прызначэння. Але калі ўважліва прааналізаваць іх асартымент, то становіцца відавочным, што ён невялікі, навінак няма або бываюць вельмі рэдка. Ствараецца ўражанне, што гандлярам большага і не трэба.
— Некалькі гадоў назад была прынята раённая праграма развіцця сеткі гандлёвага абслугоўвання ў горадзе і ў сельскай мясцовасці. У ёй вызначана, што будзе строга рэгламентавана месца пад будаўніцтва новых магазінаў, многае будзе залежаць і ад групы тавараў, якая там будзе пераважаць.
— Як сведчыць гандлёвы дысбаланс, які захоўваецца не толькі ў вёсках, але і ў горадзе, калі, напрыклад, у адным месцы ёсць некалькі прамысловых магазінаў, а ў мікрараёне «Паўночны»— ніводнага, адміністрацыйнымі мерамі сітуацыю нельга змяніць. Але ёсць эканамічныя меры. Сёння назіраецца тэндэнцыя пераўтварэння асобных гандлёвых кропак у сеткавыя супермаркеты. Такі працэс амаль завяршаецца ў буйных гарадах рэспублікі, а ў Пружанах толькі пачынаецца. Безумоўна, нядаўна адкрыты «Дабраном» нельга назваць супермаркетам, але ён настолькі актыўна пачаў асвойваць гэтую нішу, што за кароткі тэрмін склаў адчувальную канкурэнцыю «старажылам» рынку. І калі невялікі гандлёвы аб’ект здолеў перацягнуць столькі пакупнікоў, то якія прагнозы можна рабіць у выпадку прыходу да нас сеткавага гандлю?
У лютым адкрые дзверы гіпермаркет, які стане адчувальным іграком на рынку рознічнага гандлю з унушальным штомесячным аб’ёмам выручкі. Частка яго плошчы будзе адведзена пад прамысловыя тавары, якія будуць запатрабаваны жыхарамі гэтай самай шчыльна заселенай часткі горада. Відавочна, што ён пачне дыктаваць свае ўмовы іншым канкурэнтам і прымусіць мяняць падыходы ў рабоце, калі яны пажадаюць застацца ў гульні.
Будучую сітуацыю ўяўляе сабе кіраўніцтва райспажыўтаварыства, якое прыняло рашэнне аб рэканструкцыі магазіна «Палявы»: тут мяркуецца пашырыць стаянку для аўтатранспарту, зрабіць перапланіроўку магазіна з заменай гандлёвага абсталявання на сучаснае, на поўную моц задзейнічаць магчымасці кафэ. Кіраўніцтва «Нівы» плануе пашырыць гандлёвую плошчу за кошт дзеючага міні-кафэ.
Трэба прызнаць, што мы ў нейкай ступені стрымліваем намеры буйных супермаркетаў, якія абавязкова прывядуць да скарачэння дробных магазінчыкаў. Аднак гэта не можа працягвацца доўга, і час возьме сваё. Я думаю, што праз некалькі гадоў многія невялікія гандлёвыя кропкі знікнуць з карты горада, а іх месцы зоймуць тыя, хто пажадае развівацца. На жаль, гэтага не разумеюць прадстаўнікі сённяшняга малога бізнэсу, якія не жадаюць траціць грошы на ўласны рост. Змяняцца неабходна і не толькі па запаўненні, але і па якасці абслугоўвання кліентаў, якая пакуль застаецца вельмі нізкай.
— Якім чынам раённыя ўлады трымаюць такую «абарону»?
— Па-першае, па тым жа прынцыпе, што быў закладзены ў раённую праграму развіцця гандлёвага абслугоўвання, мы вызначаем, з кім будуць падпісаны адпаведныя дамоўленасці. Напрыклад, у мікрараёне «Паўночны» больш прадуктовых магазінаў або супермаркетаў не трэба. А вось прамысловай групы не хапае.
Цэнтр горада таксама не застаецца па-за ўвагай. На першы погляд здаецца, што рынак тут сфарміраваўся, але яго нельга назваць цывілізаваным. Таму поўнамаштабная мадэрнізацыя запланавана для ўнівермага, які пашырыць асартымент сваіх прапаноў. Будзе нарошчвацца прысутнасць і прыватнай ініцыятывы, але толькі ў прамысловым сегменце рынку.
— Вячаслаў Мікалаевіч, у «раёнцы» неаднаразова ўзнімалася пытанне наконт грамадскага харчавання. Так, адзначыць юбілей або вяселле ёсць дзе. А вось проста зайсці паабедаць праблематычна.
— Сітуацыя нам добра вядома, і мы таксама незадаволены пазіцыяй кіраўніцтва і ўладальнікаў устаноў адпаведнага сэрвісу. Паесці ў Пружанах можна хіба толькі ў рэстаранах «Мухавец» або «Піцер», хаця кропак харчавання значна больш. Аднак куды ні зойдзеш, усюды або «спецзаказ», або можна толькі выпечку купіць. А дзе паўнацэнна паабедаць? Сапраўднага клопату аб кліентах няма ні ў кааператыўных, ні ў прыватных кафэ.
Па-першае, ёсць інвестары, якія ў бягучым годзе плануюць пабудаваць новую ўстанову грамадскага харчавання у скверы за будынкам райвыканкама. Такія ж планы ёсць і ў «Ваенсэрвіса»: ён страціў свае пазіцыі, але жадае іх вярнуць. Думаю, што менавіта адкрыццё новых кропак прымусіць змяніць падыходы дзеючых устаноў.
Дадатковую канкурэнцыю могуць стварыць і прадпрыемствы грамадскага харчавання пры арганізацыях, так званыя «рабочыя сталоўкі». Сёлета на такія аб’екты будзе звяртацца асаблівая ўвага пры аднаўленні або пашырэнні іх дзейнасці. Напрыклад, сталоўка на льнозаво-дзе, якая абслугоўвае работ-нікаў прадпрыемства, можа прымаць і іншых жадаючых, калі ўзніме абслугоўванне на больш якасны ўзровень. Тое ж можна сказаць і пра сталоўку каледжа, якая мае толькі «студэнцкі» асартымент і рэгламент работы.
— Мяркую, будзе няправільным, калі спынімся толькі на тых змяненнях, што будуць у горадзе, бо асноўная частка насельніцтва раёна жыве ў сельскай мясцовасці.
— Гэта таксама ўлічана. Сапраўды, сітуацыя ў сельскай мясцовасці ўскладняецца тым, што ў вёсках меншае людзей, у выніку чаго і закрываюцца магазіны. Аўталаўка, як сведчаць водгукі вяскоўцаў, не задавальняе ўсіх патрэб пакупнікоў. Напрыклад, сёлета ў Сухопальскім сельсавеце праводзіцца свое-асаблівы эксперымент: у вёсцы Грынявічы прадпрымальнік вырашыў заняцца гандлёвым абслугоўваннем жыхароў гэтага населенага пункта і адкрыў магазін. Першыя вынікі падштурхнулі яго да таго, каб далучыць і Навасёлкі. Пакуль аўталаўка, па рашэнні мясцовых жыхароў, якое было прынята на вясковым сходзе, туды ездзіць не будзе, а калі эксперымент будзе прызнаны паспяховым, то мы распаўсюдзім такія паслугі і на іншыя вёскі.
Гутарыў Алег Сідарэнка.