Понедельник, 2 декабря 2024

Вышка цифрового телевидения в Куплино заработает этим летом

2 732

На пачатку ліпеня наступнага года ў Пружанах адключаць аналагавае тэлевяшчанне, як абяцае РУП «Беларускі радыётрансляцыйны перадаючы цэнтр». Сёння жыхары раёна яшчэ могуць на звычайную антэну глядзець шэсць праграм: АНТ, Беларусь-1 і 2, РТР-Беларусь, СТБ і НТБ-Беларусь. У лічбавым  дзяржаўным тэлевяшчанні прысутнічаюць яшчэ дзве тэлепраграмы: Мір і Беларусь-3.

Як расказвае дырэктар абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання «Ракітніца» В.В.Караблёў, дзеючая ў Пружанах тэлевізійная перадаючая станцыя  перадае лічбавы сігнал, але ў невялікім радыусе: ён прымаецца на адлегласці да 10 кіламетраў ад райцэнтра. Каб павялічыць зону ахопу лічбавым тэлебачаннем, у Куп-ліне, непадалёк ад горада, будуецца тэлевежа. На гэтыя мэты выдаткавана звыш двух мільярдаў рублёў.

— Вышыня збудавання будзе  больш 125 метраў, і сёння мы ўжо знаходзімся на рысы ў 92 метры,— расказвае Віктар Веніямінавіч.— Відавочна, засталося нямнога часу да запуску ў эксплуатацыю: мяркуем, што гэта адбудзецца да пачатку бягучага лета.

Паводле папярэдніх падлікаў, самае высокае збудаванне ў раёне забяспечыць устойлівы прыём лічбавага сігналу практычна на ўсёй тэрыторыі Пружаншчыны. Зыходзячы з гэтага і была выбрана пляцоўка, дзе знаходзіцца самая высокая кропка раёна. Будаўнічыя работы пачаліся яшчэ ў мінулым годзе: узведзена памяшканне, у якім будзе размешчана абсталяванне. Асабліва складанае будаўніцтва вежы. Гэта над зямлёй яна звыш 125 метраў вышыні, а пад зямлёй яшчэ каля 15 метраў падмурка.

— Таксама вакол установім агароджу са спецыяльнымі датчыкамі сігналізацыі,— расказвае дырэктар БАВРТ «Ракітніца».— У рэжыме «он-лайн» дыспетчар будзе адсочваць работу абсталявання і ахову тэрыторыі. Любое пранікненне адразу стане вядома на цэнтральным пульце. Гэта ў выпадку, калі вандалы пажадаюць пажывіцца тут.

Работы вядуць спецыялісты ТАА «Мачта», якія ўзводзяць некалькі падобных   аб’ектаў на тэрыторыі рэспублікі, а таксама ТАА «Талант» «Белрамбудсувязь» і наша ПМК-21. Таму ніякіх затрымак па графіку няма, не ўнёс карэктывы ў іх работу і моцны вецер цыклона «Хаўер».

Таксама мы запрасілі В.В.Караблёва расказаць больш падрабязна, якім чынам будзе ажыццяўляцца прыём лічбавага сігналу.

У бясплатным рэжыме транслююцца восем праграм лічбавага тэлебачання. Паводле сацыялагічнага апытання, ім будуць карыстацца звыш 60% насельніцтва краіны. Справа ў тым, што ў гарадах дзейнічаюць кабельныя аператары, якія вырашаюць праблему якасці «карцінкі» тэлевізараў. А вось жыхары сельскай мясцовасці засталіся сам-насам з праблемай. У выніку часцяком аналагавы сігнал прымаецца са «снегам», падвоенным адлюстраваннем і гукам. З пераводам на лічбавае вяшчанне гэтыя праблемы амаль зусім знікнуць.

У гарадах пытанне новага падыходу да трансляцыі каналаў стануць вырашаць самі кабельныя аператары, і гараджане, у большасці сваёй, практычна нічога не заўважаць.

Магчымы некаторыя праблемы ў прыватным сектары, дзе прыём сігналу ажыццяўляецца праз уласныя тэлеантэны: ёсць сумненні наконт праходжання сігналу праз жалезабетонныя канструкцыі шматпавярховак. Аднак магутнасць лічбавага тэлебачання ў любым выпадку павінна пераадольваць перашкоды без страты якасці «карцінкі».

Вясковым гледачам патрэбна мець:

антэну, якая працуе ў дэцыметровым дыяпазоне. Выдатна падыдзе антэна «хвалісты канал»;

тэлевізар са спецыяльным цюнерам. Гэта самае балючае месца, бо большасць людзей маюць тэлевізары старэй пяці гадоў. Вялікі працэнт верагоднасці, што ў такіх мадэлях няма ўбудаванага спецыяльнага цюнера.

Дарэчы, не ўсе імпартныя апараты, дзе прапісана наяўнасць такой прыстаўкі, могуць прымаць сігнал нацыянальнага лічбавага тэлебачання, які транслюецца ў рэжыме кадзіроўкі MPEG-4. Паводле патрабаванняў урада, з пачатку бягучага года ў рэспубліку могуць завозіцца толькі тыя тэлевізары, якія маюць адпаведны цюнер. Такім чынам, калі мяркуеце набываць тэлевізар, то абавязкова пацікаўцеся датай яго прывозу ў нашу краіну: тады ён будзе адпавядаць стандарту DVB-Т і мець ка-дзіроўку MPEG-4. Тое ж тычыцца і айчыннай прадукцыі: як запэўнілі прадстаўнікі беларускіх вытворцаў тэлевізійнай апаратуры, з бягучага года ўсе «Гарызонты» і «Віцязі» адпавядаюць названым параметрам. Больш старэйшыя мадэлі ўзгадняйце з прадаўцамі.

Калі ж не мяркуеце мяняць тэлевізар, то да яго абавязкова трэба набыць цюнер — спецыяльную прыстаўку невялікіх памераў. Яна каштуе ў сярэднім ад 300 тысяч рублёў і мае вельмі просты прынцып падключэння: штэкер антэны ўстаўляецца ў цюнер і спецыяльны провад — з цюнера ў прыёмнае гняздо тэлевізара. Ніякіх спецыяльных настроек прыстаўка не патрабуе, настройваць праграмы трэба на тэлевізары. Калі ўсё ж пытанні ўзнікнуць, то можна задаць іх дыспетчарам бясплатнай даведачна-інфармацыйнай службы па кароткім нумары 172.

Праблем з набыццём такой прыстаўкі, якая выпускаецца таксама айчыннымі вытворцамі, не павінна быць, бо яны даўно прадаюцца ў дзяржаўным і прыватным гандлі. Акрамя таго, антэну і прыстаўку для лічбавага тэлебачання можна ўжо сёння заказаць у любым аддзяленні паштовай сувязі.

Такі цюнер па габарытах крыху большы за мабільнік і не зойме шмат месца. Асабліва зручна будзе для дачнікаў: дастаткова ўзяць у кішэню прыстаўку і паехаць за горад, дзе падключыць яго да тэлевізара і глядзець без абмежаванняў. А потым адключыць прыстаўку і забраць з сабой. Адзінае абмежаванне: адна прыстаўка — адзін тэлевізар (можна падключыць і некалькі апаратаў, але гля-дзець адзін і той жа канал).

— Зусім неабавязкова чакаць дня «ікс», калі не будзе альтэрнатывы і тэлеглядач застанецца адзін на адзін з шыпячым тэлепрыёмнікам,— зазначае В.В.Караблёў.— Лепш пружанцам ужо летам набываць прыстаўкі, каб потым не ствараць ажыятаж і спакойна вырашыць усе тэхнічныя пытанні.

Дарэчы, магчымасці лічбавага тэлебачання значна большыя, чым у аналагавага. Справа ў тым, што зараз прапрацоўваецца пытанне аб запуску ў эксплуатацыю другога пакета, у які ўвойдуць яшчэ каля двух дзясяткаў праграм. Безумоўна, гэты праект мае камерцыйны характар, але з невялікай абаненцкай платай. Такім чынам, вёска таксама атрымае большы выбар для прагляду. Мяркуецца, што гэта стане магчымым напрыканцы бягучага года.

Падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА.

На здымку: на месцы ўзвядзення вежы рабочую нараду ладзяць дырэктар БАВРТ «Ракітніца» В.В.Караблёў, начальнік Брэсцкага цэха УКВ-радыёстанцый В.Р.Алексін і антэншчык-мачтавік В.Я.Якавук.

Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *