Штоквартальны часопіс «Рэха Палесся» («ECHA POLESIA»), якія выдаецца Брэсцкім філіялам Саюза палякаў Беларусі, зрабіў традыцыйны падарунак для сваіх чытачоў. Праўда, большым сюрпрызам ён аказаўся для ружанскага майстра: каляндар на 2014 год «Свет ружанскай выцінанкі Юрыя Малышэўскага» выйшаў як дадатак да часопіса.
Рэдакцыя прадставіла чытачам (а іх, дарэчы, нямала — часопіс распаўсюджваецца і ў шэрагу еўрапейскіх краін) выцінанкі Ю.С.Малышэўскага — фотаздымкі дэкаратыўных работ з паперы размешчаны як ілюстрацыі да кожнага з месяцаў. Акрамя таго, у календары ёсць сціплая інфармацыя і пра самаго Юрыя Станіслававіча і яго захапленне такім рэдкім відам мастацтва.
Гэтай справе ў свой час навучыў Юрыя Малышэўскага ружанскі каталіцкі святар, ксёндз Міхал Варанецкі. Як зазначылі для чытачоў штоквартальніка, работы Юрыя Станіслававіча нясуць у сабе пэўную сімволіку: на іх адлюстраваны людзі, жамчужыны мясцовай архітэктуры, прырода роднага Ружанскага краю. А самі выцінанкі названы фенаменальнымі творамі мастацтва, якія, хаця і зроблены ўсяго толькі з такога простага матэрыялу, як папера, могуць служыць эксклюзіўнымі элементамі дэкору, які мае сэнсавую нагрузку — расказвае пра культуру, гісторыю, звычаі.
Варта адзначыць, што часопіс «Рэха Палесся» неаднойчы на сваіх старонках распавядаў пра Пружаншчыну, яе гісторыю. Але ніколькі не здзіўляе, што нарэшце і на работы земляка звернута ўвага: работы Ю.С.Малышэўскага ўвогуле можна сустрэць у розных краінах свету. А «выразанкі» апошнім часам карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю ў аматараў гэтага віду мастацтва ў Польшчы, куды і адпраўляецца большая частка заказаных дэкаратыўных карцін.
Акрамя таго, зазначана, што выцінанкі Юрыя Малышэўскага, дзякуючы свайму значнаму месцу ў культуры, якое яны занялі, маюць усе шанцы стаць жывым і цудоўным сведчаннем пераемнасці пакаленняў, працягам амаль забытага мастацтва.
Марына Вакульская.