Понедельник, 2 декабря 2024

Выпускники Шерешевской СШ встретились спустя 50 лет

1 793

Часам так хочацца хоць на некалькі гадзін забыць аб звыклых клопатах дарослага жыцця, успомніць школьныя забавы, вярнуцца ў атмасферу весялосці і бесклапотнасці і раптам    адчуць, што ты… зноў там, у далёкім, бязвоблачным, шчаслівым юнацтве…IMG_8120

Ці не дзеля гэтага сустрэліся 22 аднакласнікі Шарашоўскай сярэдняй школы праз 50 гадоў пасля свайго выпускнога вечара?

Ідэя належыла прызнанаму лідэру былога  10 “Б” Валерыю Жэдзю. Але ён спасылаецца на жонку Валянціну, якая пасля сустрэчы са сваімі аднакласнікамі задала мужу пытанне: “А чаму б і вам не арганізаваць такое свята?”IMG_8085

За арганізацыю Жэдзі ўзяліся самі. Цэлы год збіралі адрасы і нумары  тэлефонаў сваіх былых аднакласнікаў. Гэта было няпроста, таму што амаль усе ўжо не працуюць. Многія шмат разоў пераязджалі і мянялі месца пражыванння. Адным словам, работа была праве-дзена велізарная. І Валерый Аляксандравіч, начамі заседжваючыся за камп‘ютарам, не раз дзякаваў таму, хто прыдумаў інтэрнэт. З  дапамогай віртуальных адрасных кніг яму ўдалося знайсці большасць патрэбных тэлефонаў.

Дамовіліся наконт часу правядзення сустрэчы і месца. Загадзя было вырашана ў школу не заязджаць. Потым  мне патлумачылі: ад старой школы, у якой яны вучыліся, застаўся хіба толькі хлеў, дзе стаяў конь. А ў новай нічога іхняга ўжо няма…IMG_8096

Валерый прапанаваў сваю дачу (бацькоўскую сядзібу) ў вёсцы Акольнік. Не праміну адзначыць прыгажосць, якая там панавала. Велічныя сосны Белавежскай пушчы, звонкае шчабятанне птушак, водар рознатраўя і сярод гэтага хараства… усяго дзесяць “жывых” вясковых дамоў. Жанчыны ахалі, заходзячы на прасторны двор Жэдзяў, дзе паміж дзвюма вялікімі яблынямі былі нацягнуты вяроўкі і на іх развешаны лапнік. Гэта каб у спякоту стварыць цень над доўгім святочным сталом…

Назіраючы за тым,  як сустракаліся аднакласнікі, і ў мяне, здаецца, старонняга чалавека, ёкала сэрца. Адны плакалі, абдымаючыся,  другія смяяліся, прытанцоўвалі, тузалі адзін аднаго…IMG_8102

—Нікога не пазнаю!— разгубілася Вольга Кузьміч. І ўсё ж, напружваючы памяць, узялася пералічваць: — Саша Мардань, Валодзя Рабчук, Данута… А Пеця дзе? А Ала Аніськіна? Ала, ты што стаіш? Не пазнаеш мяне?

—Гэта таксама нашы ідуць! — ажно падскочыў невысокі сівагаловы мужчына.— Штосьці  не пазнаю!

— Я – Грынкевіч Людміла,— рапартуе, падышоўшы бліжэй, адна з жанчын…

—Я б нікога не пазнала,— прыціскае руку да сэрца Данута Шыш.—Дзяўчаткі, як жа мы ўсе памяняліся!..

—Небыт Леначка, а ты так і не падрасла!..IMG_8109

Жыццё раскідала іх  па розных куточках былога неабсяжнага Савецкага Саюза.  Але доўгія кіламетры не з’явіліся перашкодай для сустрэчы. Уладзімір Рабчук прыехаў з Вінніцы, Вольга Ярома – з Жодзіна, Аляксандр Абчынец—са Старой Русы Наўгародскай вобласці. З Гомеля прыехала былы класны кіраўнік 10 “Б” настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Брэская. 82 гады – хіба не ўзрост для такога свята?

—Гэта быў мой першы выпуск,—усхвалявана расказвае Вольга Аркадзьеўна.— Таму асабліва дарагі і памятны. Я вельмі любіла пазакласную работу. Мы ездзілі на экскурсіі ў Белавежскую пушчу, чыталі Пушкіна, праводзілі цікавыя класныя гадзіны… Безумоўна, гэта з’ядноўвала вучняў. Клас быў вельмі дружны. Што, як самі разумееце, пацвярджае і цяперашняя сустрэча праз 50 гадоў. Яна для мяне як падарунак лёсу…

А яе вучні тым часам дастаюць свае школьныя фотаздымкі. Разглядаюць іх, абменьваюцца, распытваюць пра лёс аднаго, другога, трэцяга таварыша, якіх няма побач.

— Люся Азарка, Вася Улезла, Вася  Зубалевіч, Валодзя Нежывінскі… 16 чалавек пайшлі з жыцця,— удакладняе  цяжкую лічбу Іван Ляшчынскі.

Ужо няма на гэтым свеце і класнага кіраўніка 10 “А” Кацярыны Канстанцінаўны Ермаловіч. Цёплымі словамі ўспамінаюць аднакласнікі Тамару Кандрусік – вясёлую, энергічную, ініцыятыўную, завадатара ўсіх добрых спраў у іх вялікім калектыве. Яе не стала зусім нядаўна – у пачатку мая. Называюцца  ўсе прозвішчы памерлых і загінуўшых аднакласнікаў і настаўнікаў. Валерый Жэдзь прапануе ўшанаваць іх памяць. На прасторным падворку застывае мінута маўчання…

Кульмінацыйным і, безумоўна, самым хвалюючым момантам сустрэчы была справаздача аднакласнікаў перад сябрамі, перад сваёй настаўніцай аб дасягнутым за гэтыя паўстагоддзя. Кожны паднімаецца, як на школьным уроку. І хутка я злавіла сябе на думцы, што літаральна пра ўсіх гэтых людзей змагла б напісаць асобны нарыс. Напрыклад, пра Аляксандра Абчынца, які на рыбалоўным траўлеры праплыў усе моры свету. Пра Алу Бурнас, якая “ўсё жыццё чужыя грошы лічыла, сваіх не маючы, але  багатая дзецьмі”. Выхавала дзве дачкі і два сыны, дачакалася сямі ўнукаў і праўнука. Пра доктара біялагічных  навук генетыка Вольгу Ярому, у якой шмат вынаходніцтваў у вобласці зерневых культур, ёсць уласна напісаная кніга і работы са словам “упершыню”.

Пра Людмілу Грынкевіч, 11 гадоў адслужыўшую ў радах Савецкай Арміі. Вольгу Кузьміч, якая 17 гадоў была старшынёй сельскага Савета ў Тэўлях і ў якой дачка, зяць і сын падпалкоўнікі. Івана Ляшчынскага, які і цяпер, будучы на заслужаным адпачынку, стараецца не прапусціць ніводнай рэпетыцыі хору ветэранаў і кожны раз  ездзіць з Шарашова ў Пружаны.  Галіну Сівуду, якая нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей і адзначана ордэнам Маці. Уладзіміра Рабчука, які ў украінскай Вінніцы  паўтарае родную беларускую мову. Што яму гэта ўдаецца, усе змаглі пераканацца ў час сустрэчы: Уладзімір дэкламаваў аднакласнікам беларускамоўныя вершы. Шыш Дануту, 40 гадоў адпрацаваўшую ў Параслянах на ФАПе. Нястомную і душэўную Шурачку Лапуку, якая і паклікала мяне на гэтую хвалюючую сустрэчу…

Вольга Аркадзьеўна, расчуленая прызнаннямі вучняў, у знак удзячнасці (“Я быццам вярнулася ў сваю маладосць!”) узнёсла прачытала ўласны верш.

Даруйце, што не пра ўсіх віноўнікаў урачыстасці ў Акольніку я расказала ў гэтым артыкуле. Кожны з прысутных тут дастойны самых цёплых і шчырых слоў. Кожны — як сапраўдны  грамадзянін, як шчыры працаўнік, як прыкладны сем’янін, бацька ці маці. І можа быць прыкладам для іншых. Я слухала гэтыя сардэчныя размовы і раптам востра адчула настальгію па сваёй школе і сваіх аднакласніках. І зразумела, што даўно надышоў час і нам вось  гэтак жа сабрацца за святочным сталом. І зусім неабавязкова чакаць 50-годдзя нашага выпуску. Адгукніцеся, аднакласнікі!

Ганна Хадаровіч.

Фота аўтара і Валянціны Жэдзь.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *