Неспадзявана ўспомніліся словы паэта, які сцвярджаў, што жыццё немагчыма павярнуць назад. 18 выпускнікоў 1970 года былой Пружанскай СШ №2 (цяпер гімназіі) даказалі адваротнае: яны большай часткай класа вярнуліся на 40 гадоў таму — у сваю родную школу, у сваё юнацтва, да сваіх любімых настаўнікаў… Ініцыятыва сустрэчы праз 40 гадоў належала Алене Сахарчук, якая цяпер жыве ў Адэсе (усе прозвішчы жанчын называю, як яны гучалі і ў той дзень, дзявочыя).
Яе актыўна падхапіла Ларыса Ільяшук. Яна ж усклала на сябе і асноўную арганізатарскую работу: адшуквала тэлефоны і адрасы, тэлефанавала, шукала справочник телефонов, слала эсэмэскі…
Гэта было няпроста: за 40 гадоў людзей раскідала па ўсім свеце, прычым у кожнага цяпер сям’я, а гэта значыць,— розныя нагоды, з-за якіх «вяртанне ў юнацтва» магло не здзейсніцца. Некаторыя не змаглі прыехаць па стану здароўя.
І вось усе гэтыя клопаты ў мінулым.
Са Шчучына прыехала Валя Кугач, з Мінска — Барыс Барынгольц, Лена Сахарчук і яе муж Жэня Карака — з Адэсы, Саша Шульман з жонкай Наташай Краўцовай — з Масквы, Наташа Шостак і Жора Селівончык — з Санкт-Пецярбурга, Валера Касцюк — з Іванава, Ніна Анішына — з Баранавічаў, Ніла Салтруковіч з мужам Віцям Еляневічам — з Мінска, Наташа Дзмітрыева — з Брэста, Ніла Баршчэўская з Бараўлян…
Безумоўна, сабраліся на сустрэчу і тыя, хто на ўсё жыццё не здрадзіў родным Пружанам і раёну,— Соня Грыцэвіч, Коля Мікулік, Тома Жалнярчук і Ларыса Ільяшук.
Настаўнікі таксама прыйшлі: Фіра Ісаакаўна Шульман, якая выкладала геаграфію, гісторык Ніна Гаўрылаўна Пашвянчук і фізрук Валерый Мікалаевіч Зелянееў.
Прахожыя са здзіўленнем спыняліся, бачачы, як у двары гімназіі цалуецца, абдымаецца, адначасова плача і смяецца гурт немаладых ужо людзей. А яны пазнавалі і не пазнавалі адзін аднаго: многія не бачыліся са школьнага выпускнога вечара…
На дзве з паловай гадзіны актавая зала гімназіі ператварылася ў своеасаблівую машыну часу. Кожны з яе «пасажыраў» трымаў справаздачу перад школьнымі сябрамі: аб тым, чаго дасягнуў у жыцці і што не ўдалося, аб сем’ях, сынах, дочках, унуках…
— Гэта быў цудоўны клас,— успамінае Фіра Ісаакаўна Шульман.— Я сцвярджаю гэта зусім не таму, што ў ім вучыўся мой сын. Гэта быў клас спартсменаў, ініцыятараў усіх добрых спраў у школе, здольных, таленавітых вучняў…
Яе сын Саша заўсёды быў у класе лідэрам.
— Яго поспехі,— расказвае аднакласніца Ларыса Ільяшук,— нікога не здзіўляюць. Тое, што ён і цяпер напера-дзе — гэта заканамерна!
Цяпер Аляксандр Міхайлавіч з’яўляецца дырэктарам федэральнай дзяржаўнай установы «Цэнтр спартыўнай падрыхтоўкі зборных каманд Расіі», заслужаны трэнер Расіі. Ён быў узнагароджаны ордэнам Пятра Вялікага, які атрымаў з рук У.У.Пуціна.
У 10 «Б» класе СШ №2 вучыўся і выхоўваўся будучы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Барыс Барынгольц.
— У ліку маіх аднакласнікаў,— пералічвае выкладчыца Пружанскай школы мастацтваў Тамара Жалнярчук,— перакладчыкі, музыканты, медыкі. Асабліва шмат настаў-нікаў і выхавацеляў. Ды інакш і быць не магло, бо мы вучы ліся ў такіх асаў настаўніцкай справы, як браты Міхаіл Лукіч і Аляксей Лукіч Кулешы (першы выкладаў у нас хімію, другі — фізіку), настаўнікі рускай мовы і літаратуры Вера Васільеўна Сулкоўская і Валянціна Сцяпанаўна Стасевіч, класны кіраўнік і матэматык Ніна Аляксандраўна Цюлюпа, настаўнік фізкультуры Віктар Іванавіч Пагарэлаў. Як нашы самыя ганаровыя госці — настаўнікі, прысутныя на гэтай сустрэчы… Таму што першымі настаўнікамі ў нас былі Надзея Антонаўна Баршчэўская і Кацярына Васільеўна Несцерава…
Многіх з настаўнікаў, ды і былых вучняў ужо няма сярод жывых. Мінута маўчання на гэтым вечары прысвячалася ім.
У кафэ «Рандэву», дзе прадоўжылася вяртанне аднакласнікаў у юнацтва, усе весяліліся, як дзеці: гулялі ў разнастайныя гульні, удзельнічалі ў конкурсах, якія арганізавала завадатар былых школьных мерапрыемстваў Ларыса Ільяшук. Вечар праляцеў, як адно імгненне.
— Мы асабліва не развітваліся,— расказвала Ларыса Аляксандраўна. — Таму што ёсць важкая падстава хутка сустракацца зноў: праз два гады пачынаюцца нашы 60-гадовыя юбілеі…
Ганна Хадаровіч, Аляксандр Мелеш (фота).