Четверг, 17 апреля 2025

Всё для детей: в Пружанах будет построено кафе и благоустроен парк

1 806

Міжнародны дзень абароны дзяцей, нягледзячы на   не зусім летняе надвор’е,  быў адзначаны ў Пружанах шэрагам мерапрыемстваў.

Пакуль рыхтаваліся да выступленняў у Палацы культуры самадзейныя артысты і выстаўляліся дзіцячыя работы, што, бясспрэчна, стварала святочную атмасферу, тым часам сур’ёзная размова праходзіла ў райвыканкаме. З мэтай стварэння зручных і камфортных умоў для пражывання ў нашым горадзе дзяцей адбылася сустрэча з інвестарам В.І.Строкам. Прыватнае прадпрыемства “Домик продуктов “Свежесть”, якое і прадстаўляе гэты ўраджэнец Пружанскага раёна, укладвае свае сродкі ў маючае пачацца будаўніцтва кафэ ў скверы на набярэжнай Мухаўца.IMG_1460

Кафэ будзе разлічана на 120 пасадачных месцаў, 60 – на першым паверсе для дзяцей і столькі ж на другім для дарослых.

Старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, выслухаўшы ўсе нюансы новабудоўлі, пацікавіўся: “Калі пружанцы змогуць наведаць гэтую ўстанову?”. Інвестар запэўніў, што да канца 2015 года будоўля будзе завершана.

Зноў жа з клопатам пра дзяцей вялася размова аб добраўпарадкаванні гарадскога парку, у прыватнасці, вадаёма на яго тэрыторыі і дзіцячай пляцоўкі з атракцыёнамі. М.М.Серкоў патрабаваў ад сваіх падначаленых больш рашучых дзеянняў у вырашэнні гэтых пытанняў.IMG_1434

Каб даць магчымасць адчуць свята і хворым дзецям, адразу пасля пасяджэння ў райвыканкаме дэлегацыя на чале з М.М.Серковым накіравалася ў дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы з падарункамі. Гульнявую праграму правялі для малых культработнікі Палаца культуры.

А тым часам свята,   прысвечанае Дню абароны дзяцей, адкрывала маляўнічае выступленне народнай студыі моды “Папараць-кветка” ЦТДМ на сцэне Палаца культуры. Яго кульмінацыяй стала ўручэнне Пружанам сертыфіката “Горад, сяброўскі дзецям”. Першыя крокі ў рамках міжнароднай ініцыятывы з аднайменнай назвай былі зроблены ў нашым горадзе ў 2009 годзе. Мэта гэтага праекта — стварэнне камфортных умоў для пражывання дзяцей у сучасным горадзе. З гэтай нагоды ў Пружанах было шмат чаго зроблена. Пра непасрэдны ўдзел у рэалізацыі праекта з боку раённых улад гаварылі са сцэны ганаровыя госці свята – намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшыня міжведамаснага каардынацыйнага савета па рэалізацыі ініцыятывы “Горад, сяброўскі дзецям” у Рэспубліцы Беларусь В.В.Якжык і прадстаўнік дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Ю.В.Аксамітны.IMG_1419

— Каля тысячы гарадоў па ўсім свеце, — адзначылі яны, — далучыліся да нашай ініцыятывы. Агульнымі намаганнямі мы абараняем дзяцей ад войн і голаду, ствараем магчымасці для адукацыі, культуры, адпачынку. Цяпер частачкай глабальнага свету адчуюць сябе і Пружаны. Назва вашага горада будзе гучаць разам з такімі мегаполісамі, як Рым, Нью-Ёрк, Масква.

У пацвярджэнне сваіх слоў высокія госці ўручылі сертыфікат аб прысваенні Пружанам ганаровага звання “Горад, сяброўскі дзецям” старшыні райвыканкама М.М.Серкову і спікеру гарадскога дзіцячага парламента Ксеніі Пухнарэвіч. Цяпер разам з Пінскам і Наваполацкам Пружаны сталі трэцім горадам у Беларусі, якія далучыліся да гэтага міжнароднага праекта.IMG_1503

Міхаіл Мікалаевіч Серкоў падзякаваў гасцям за высокае прызнанне агульнай работы, якая была выканана ў горадзе, паабяцаў і далей прадуктыўна працаваць на карысць дзяцей і моладзі. У сваю чаргу дзеючы спікер Ксенія Пухнарэвіч і першы старшыня гарадскога дзіцячага парламента Дар’я Луцкевіч выказалі сваё задавальненне ад таго, што ў нашым горадзе ўмеюць пачуць голас дзяцей, а іх ініцыятыва з дапамогай дарослых увасабляецца ў жыццё.

Былі адзначаны самыя творчыя і актыўныя члены дзіцячага парламента, дзякуючы намаганням якіх Пружаны атрымалі такое высокае званне. А гэта: Яна Шука, Дар’я Луцкевіч, Валерыя Шымко, Яна Шанюк, Ксенія Пухнарэвіч, Міхаіл Ліцкевіч, Іван Стэпусь, Кацярына Пачынчык, Алена Сянкевіч, Ганна Купраш.

Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень прысутныя віталі і пераможцаў Усебеларускага легкаатлетычнага кросу, які прайшоў у Мінску 7-8 мая: Анатоля Бяляева (Шаняўская САШ), Аліну Кавалевіч (Мокраўская САШ), Уладзіслава Дроня і Аляксея Карпызу (Параслянская САШ), Юлію Аліфер (Шчарчоўская САШ) і Вольгу Лукашэвіч (САШ №3).  IMG_1570

З мэтай падтрымкі маладых талентаў менавіта ў Дзень абароны дзяцей прайшло раённае свята дзіцячай творчасці “Лесвіца поспеху”. Таму бралі ўдзел у ім самыя лепшыя дзіцячыя калектывы – пераможцы разнастайных конкурсаў і фестываляў, тыя, каму было чым уразіць гледачоў. Пасля сваіх выступленняў яны адзначаліся  граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за актыўны ўдзел у раённым свяце дзіцячай творчасці.

Калектывы Пружанскай, Ружанскай, Ліноўскай, Кляпацкай, Шарашоўскай, Новазасімавіцкай школ мастацтваў, салісты вакальнага ансамбля “Роднички” і ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін”, ансамблі танца “Завіруха”, “Рубікон”, “Спадчына”, танцавальныя калектывы “Круцёлачкі” і “Ціп-топ”, вакалісты сельскіх дамоў культуры  – гэта далёка не ўсе выступоўцы, якія ў той дзень радавалі сваім мастацтвам і дзяцей, і дарослых.IMG_1594

Побач са сцэнай, адкуль даносіліся цудоўныя песні і выконваліся заліхвацкія танцы, у кулуарах Палаца культуры працавалі выставы дзіцячых работ. Малюнкі на шкле, вырабы з саломы і паперы гурткоўцаў, якія займаюцца ў класах народнай творчасці ГДК, Мураўскага, Роўбіцкага, Ліноўскага СДК, Дома рамёстваў і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі былі сапраўдным упрыгожаннем свята.

А на завяршэнне мерапрыемстваў, як сімвал міру, шчасця і дабра, дзеці выпусцілі ў неба галубоў, папярэдне прашаптаўшы ім свае жаданні.

Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *