Апошнія выхадныя мая сваімі спевамі заваёўвалі брэсцкую публіку пачынаючыя пружанскія артысты з Палаца культуры і Новазасімавіцкага СДК.
Два дні разам з іншымі спевакамі Брэстчыны выступалі яны на пляцоўках фестывалю эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці”. Фестываль сабраў каля 350 лепшых выканаўцаў эстраднай песні, інструментальнай музыкі, размоўнага і арыгінальнага жанраў. Да гонару нашых юных артыстаў, усе яны былі ў ліку пераможцаў. Так, сярод выканаўцаў эстраднай песні ў сваіх узроставых групах лаўрэатам стала Наталля Трус, 1 месца заняла Кацярына Кукса, другое – Карына Валанчутэ, а трэцяе – Набіль Зарук. Ксюша Пухнарэвіч і вакальная група “Родники” былі адзначаны граматамі фестывалю. Дар’я Луцкевіч, якая выступіла ў якасці канферансье і вяла конкурсную праграму, заняла другое месца. Упрыгожылі выступленні нашых артыстаў танцоры ўзорнага ансамбля эстраднага танца “Рубікон” і ўдзельніцы тэатра моды “Папараць-кветка”.
Галіна Каляда.